Леанід Заіка: Не хочуць карміць сваю армію — будуць карміць чужую



Эканаміст Леанід Заіка распавядае, што сёння найперш патрэбна бізнес-супольнасці.

Як ужо паведамлялася, рэдактар «Эканамічнай газеты» Леанід Фрыдкін апублікаваў артыкул, у якім паведамляе пра магчымае ўвядзенне дэкрэта «Аб гарантыйным дэпазіце».

Згодна з праектам дэкрэта, любы бізнесмен зможа пакласці на спецыяльны рахунак у «Беларусбанку» не менш за 50 тысяч рублёў. Гэта будзе гарантыйны дэпазіт для забеспячэння кампенсацыі прычыненай шкоды. Прычым такі дэпазіт можна будзе завесці і для сябе, і для любой іншай асобы.

Калі ў будучыні ў дачыненні да бізнесмена будзе заведзеная крымінальная справа па «эканамічным артыкуле», яе разгляд пройдзе па спрошчанай працэдуры, без пазбаўлення свабоды.

Леанід Заіка: Не ведаю, наколькі сур’ёзна можна казаць пра такога кшталту ініцыятывы, бо яны абсалютна абсурдныя. Лепш абмяркоўваць не магчымыя пасадкі бізнесменаў за краты, а стварэнне добрага бізнес-клімату ў Беларусі.

РР: Што сёння найперш трэба бізнесу?

Леанід Заіка: Найперш трэба аддаць бізнесу ўсе арэндаваныя плошчы. Па-другое, у кожным рэгіёне вызначыць бізнесменам бясплатна па 10 гектараў зямлі ў бестэрміновае карыстанне. І трэцяе – наогул нічога не трэба казаць пра бізнес паўтары гады. Нават не ўспамінаць пра яго ні на ніжэйшым узроўні, ні на вышэйшым. Як кажуць, грошы любяць цішыню.

А ўвогуле, сітуацыя складаная. Як казаў Напалеон, не хочаце карміць сваю армію будзеце карміць чужую. А мы сёння практычна кормім замежны бізнес: расейскі, літоўскі… У нас жа амаль усе гандлёвыя сеткі захоплены замежнікамі, мы арабам і кітайцам зямлю раздаём. Гэта злачынства перад беларускім бізнесам, які, мякка кажучы, стаў ахвярай няправільнага выбару шляху развіцця. Калі гэта ініцыятыва чыноўнікаў, то іх трэба караць па поўнай праграме.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя