Леанід Заіка: У пройгрышы – беларускія пакупнікі



Эканаміст Леанід Заіка распавядае пра тое, чаму за мяжой беларускія тавары каштуюць танней, чым дома.

Пастаўкі цэмента з Беларусі ва Украіну за студзень-жнівень 2017 года выраслі на 170%, пры гэтым там беларускі цэмент прадаецца ў паўтары разы танней, чым у Беларусі. Чаму беларусы больш плацяць за айчынныя тавары, чым замежнікі?

Леанід Заіка: Такая сітуацыя не толькі з цэментам. Я, напрыклад, купляў беларускі веласіпед у Расеі таннней, чым ён каштуе тут. А дзе-небудзь у Вашынгтоне канфеты фабрыкі “Камунарка” могуць быць таннейшыя, чым у Менску. Такія эфекты здараюцца пры дрэннай рыначнай канкурэнцыі і адсутнасці нармальнай маркетынгавай працы. У такім выпадку нярэдка заключаюцца здзелкі, калі тавары прадаюцца на ўзроўні сабекошту. Зараз многія магазіны прадаюць два тавары па цане аднаго. І што з гэтага вынікае? Тое, што гандлёвыя сеткі купляюць тавар па цэнах, якія ў разы ніжэйшыя, чым тыя, што для пакупнікоў. Таму што не сталі б яны прадаваць без прыбытку.

РР: Гандлёвыя сеткі накручваюць цэны?

Леанід Заіка: Некаторыя гандлёвыя сеткі падвышаюць цану ад 50 да 400 адсоткаў. Людзі жахнуліся б, калі б даведаліся, якая рэальная цана тых тавараў, якія яны купляюць. Таму можна купіць у Беларусі нешта па аптовай цане і прадаваць у Расеі ці Украіне на 20-30 адсоткаў танней, чым гэта робяць беларускія магазіны, якія і “накручваюць” сабе шалёны працэнт. У такой сітуацыі ў пройгрышы, на жаль, застаюцца простыя беларускія пакупнікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя