Летась экспарт беларускіх калійных угнаенняў знізіўся на 23%



У 2016 годзе экспарт беларускіх калійных угнаенняў склаў у грашовым выражэнні 2,2 млрд долараў і знізіўся на 23% у параўнанні з 2015 годам.

Як сведчаць папярэднія статыстычныя звесткі аб выніках знешняга гандлю, у фізічным выражэнні экспарт калійных угнаенняў летась склаў 5,7 млн тон (у пераліку на 100% дзейнага рэчыва). Гэта на 3% больш за паказчык 2015 года.

Непрапарцыйная дынаміка экспарту калійных угнаенняў у фізічным і грашовым выражэнні абумоўленая зніжэннем сярэдняй цаны экспартаваных калійных угнаенняў — у 2016 годзе яна зменшылася прыкладна на чвэрць у параўнанні з 2015-м.

Асноўнымі спажыўцамі беларускіх калійных угнаенняў летась па-ранейшаму былі Бразілія, Індыя і Кітай. На рынкі гэтых краін адгружана прыблізна палова калійных угнаенняў, якія ў 2016 годзе экспартавала Беларусь.

Кіраўніцтва „Беларуськалія” называла некалькі прычын, што прывялі да прыкметнага скарачэння экспарту беларускіх калійных угнаенняў у грашовым выражэнні.

„Крызісныя з’явы на сусветным рынку калію, нізкая пакупніцкая здольнасць нашых асноўных замоўцаў, позняе падпісанне некаторых асноўных кантрактаў прывялі да зніжэння кошту калійных угнаенняў на знешніх рынках”, — растлумачыў гендырэктар „Беларуськалія” Іван Галаваты, падводзячы вынікі ў канцы 2016 года ў галіновай газеце „Калийщик Солигорска”.

Ён таксама адзначыў, што, нягледзячы на складанасці, з якімі давялося сутыкнуцца ў 2016 годзе, кампанія працягвае развіваць вытворчыя магутнасці. „З мэтай утрымання лідарскіх пазіцый як аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калію ў свеце, захавання патэнцыялу ААТ „Беларуськалій” як асноўнага сусветнага экспарцёра мінеральных угнаенняў, наша прадпрыемства рэалізуе больш за восем дзясяткаў будаўнічых праектаў, якія дазволяць нам павялічваць прадукцыйнасць працы, павышаць атрыманне карыснага кампанента і якасць нашай прадукцыі і самае галоўнае — змяншаць выдаткі на вытворчасць”, — паведаміў Галаваты.

ААТ „Беларуськалій” — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных мінеральных угнаенняў. Звыш 90% вырабленай прадукцыі прадпрыемства ідзе на экспарт (больш як у 90 краін). Згодна са звесткамі Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на беларускае прадпрыемства прыпадае сёмая частка сусветнага аб’ёму вытворчасці калійных угнаенняў.

БелаПАН