Леў Марголін: Абавязковы продаж валюты могуць і адмяніць



Змяншэнне адсоткаў па абавязковым продажы валюты прадпрыемствамі – крок у кірунку рынкавай эканомікі”, – лічыць эканаміст Леў Марголін.

Нацыянальны банк пастанавіў знізіць з 1 кастрычніка з 20 да 10% памер абавязковага продажу выручкі ў замежнай валюце суб’ектаў гаспадарання-рэзідэнтаў.

Леў Марголін: Зніжэнне адсоткавай стаўкі тэхнічна аблегчыць працу прадпрыемстваў, бо можна будзе лепш планаваць валютныя выдаткі. Не трэба будзе сёння прадаваць, а заўтра купляць валюту, калі нешта неабходна. Магчыма, яшчэ і валютныя рызыкі зменшацца, хаця апошнім часам у нас валютны курс не моцна “скача”. Таму Нацбанк і пайшоў на такі крок. Калі валюта становіцца больш-менш стабільнай, то абавязковы продаж валюты не мае асаблівага сэнсу і нават не заўсёды выгодны Нацыянальнаму банку, які павінен скупляць валюту за рублі. Таму змяншэнне адсоткаў па абавязковым продажы валюты – гэта крок у кірунку рынкавай эканомікі. Калі прадпрыемства, якое зарабляе валюту, само вырашае, куды яе патраціць – альбо прадаць, альбо пакінуць на бліжэйшыя выдаткі.

РР: А ці могуць наогул адмяніць абавязковы продаж валюты для прадпрыемстваў?

Леў Марголін: Зараз сітуацыя на валютным рынку як быццам нармалізавалася. Калі з паўгода сітуацыя не пагоршыцца, то Нацыянальны банк, магчыма, і наогул адменіць вышэйзгаданую норму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя