Леў Марголін: Абяцанне падвысіць заробак у два разы – перадвыбарчы папулізм



Эканаміст Леў Марголін распавёў пра тое, чаму абяцанне кіраўніка Беларусі падняць беларусам на працягу пяці гадоў заробак у два разу так і застанецца абяцаннем.

У сваёй перадвыбарчай праграме Аляксандр Лукашэнка абяцае, што на працягу пяці гадоў заробак беларусаў вырасце ў два разы. Леў Марголін: Я пачаў бы з таго, што Лукашэнка ўжо не першы раз абяцае, што заробкі ў краіне вырастуць у некалькі разоў. Нагадаю, што былі абяцанні і пра сярэдні заробак у 1000 даляраў, але пакуль што і 500 не маем. Таму, як кажуць, як верыць чалавеку, які ўжо неаднойчы хлусіў?

РР: Тым больш, што раней былі больш камфортныя часы для беларускай эканомікі…

Леў Марголін: Безумоўна. Раней была танная расейская нафта, якую можна было перапрацоўваць, быў расейскі рынак, куды можна было пастаяўляць прадукцыю. І нават у тыя часы ўлады не змаглі падняць заробак беларусаў на прыстойны ўзровень. То як гэта зрабіць зараз?

Зараз паміж беларускімі і расейскімі ўладамі – канфрантацыя, якая пагаршае і іншыя ўмовы супрацоўніцтва з нашай краінай. Таму разлічваць на высокія заробкі ў бліжэйшы час – гэта пустыя абяцанні.

Я б сказаў больш. Любое развіццё – гэта інвестыцыі. Для эканомікі гэта, як бензін для машыны. Няма бензіна – машына не паедзе. Няма інвестыцый – эканоміка спыняецца. Дык вось зараз магчымасці прыцягнення інвестыцый значна горшыя, чым былі калісьці ў нашай 26-гадовай гісторыі. Таму абяцанні падвысіць заробак у два разы – звычайны перадвыбарчы папулізм.

РР: А можа такая складаная сітуацыя ў эканоміцы якраз і падштурхне ўлады да рэформаў?

Леў Марголін: Не падштурхне, бо гэта не адпавядае псіхалагічнаму партрэту кіраўніка Беларусі. Ён не можа адмовіцца ад дзяржаўных прадпрыемстваў, як не можа змяніць свае адносіны да малога і сярэдняга бізнесу. А без гэтага рэформы немагчымы. І галоўнае ў рэформах нават не эканоміка, бо ёсць шмат іншых фактараў. Патрэбна сістэма, дзе законы будзе прымаць парламент, а не прэзідэнт. Неабходна судовая сістэма, якой бы давяралі прадпрымальнікі, у тым ліку, і замежныя. Каб яны былі ўпэўнены, што прыйдуць у краіну з грашыма і ніхто іх не забярэ.

А зараз давайце адкажам на пытанне: ці здольны Лукашэнка ўсё гэта змяніць? Палітычную сістэму, судовую, праваахоўныя органы…

Некаторыя лідары ў іншых краінах былога Саюза шукаюць нестандартныя шляхі. Напрыклад, Казахстан робіць спробу ўвесці ў сябе ангельскае права для бізнесменаў. Пра гэта ж вядзецца размова і ва Украіне. Адным словам, яны імкнуцца зрабіць для інвестараў спрыяльныя ўмовы, якія ўсім зразумелыя. Ці магчыма такое ў Беларусі? Думаю, адказ відавочны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]