Леў Марголін: АЭС – дарагая і небяспечная цацка



«Эксперты даволі пераканаўча даказваюць, што ніякай патрэбы ў атамнай электрастанцыі ў нас няма», — кажа эканаміст Леў Марголін.

Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што заклік Літвы блакіраваць пастаўкі электраэнергіі з Беларускай АЭС у яго выклікаюць «па меншай меры ўсмешку».

«Калі мы складалі бізнес-план, то адзначалі, што будуем АЭС не з мэтай экспарту, а для ўласных патрэб», — заявіў ён.

Цікава, што Аляксандр Лукашэнка некалькі гадоў таму казаў абсалютна супрацлеглае: «Значную частку электраэнергіі мы будзем пастаўляць на знешнія рынкі».

Леў Марголін: На мой погляд, такія пераменлівыя заявы – гэта наступствы таго, што ўжо і Польшча, і Літва заявілі пра адмову купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. І на гэтым фоне насамрэс недарэчна выглядала б заява Сямашкі пра экспарт электраэнергіі. Магчыма, ёсць варыянт, калі з гэтай электрастанцыі энергія будзе ісці на ўнутраны рынак, а з іншых пачнуць экспартаваць, але пра гэта можна разважаць толькі тэарэтычна.

РР: Ці можна зараз казаць пра эканамічны эфект ад гэтага праекта?

Леў Марголін: Эксперты даволі пераканаўча даказваюць, што ніякай патрэбы ў атамнай электрастанцыі ў нас няма. Таму мне больш падаецца, што Беларуская АЭС – гэта як быццам нейкая цацка для ўлады.

РР: Даволі дарагая і небяспечная цацка…

Леў Марголін: Безумоўна. Калі няма патрэбы ў дадатковых крыніцах электраэнергіі, трэба будзе нешта спыняць, бо лішнюю энергію на складзе захоўваць не будзеш. Адным словам, даволі авантурны праект.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя