Леў Марголін: Нам і гэтая АЭС не вельмі патрэбна



Эканаміст Леў Марголін распавёў пра тое, чаму запуск Беларускай АЭС не прынясе простым беларусам палёгкі.

З 1 студзеня базавая цана на электраэнергію для хатніх гаспадарак у Беларусі вырасла да 0,2092 рубля за кВт/г.

Як вядома, у Беларусі ў мінулым годзе адкрылі атамную электрастанцыю. У той жа час электраэнергія ў краіне на 27 адсоткаў даражэйшая, чым у суседняй Украіне.

Леў Марголін: Беларусы яшчэ не адчулі, што ў іх ёсць атамная электрастанцыя. Па-першае, яна яшчэ не працуе напоўніцу. Па-другое, нават, калі і будзе працаваць, то гэта пацягне за сабой таксама даволі вялікія выдаткі.

Чыноўнікі разлічвалі, што увесь дадатковы абсяг электраэнергіі будзе прадавацца, але на сёняшні дзень попыту на яе не знаходзіцца. Атрымліваецца не вельмі добрая сітуацыя. Калі запускаць АЭС на поўную моц, то трэба змяншаць цеплавую генерацыю. І гэта можа даць не зніжэнне сабекошту электраэнергіі, а наадварот падвышэння.

Акрамя таго, маецца такі фактар, як нярынкавыя ўмовы функцыянавання, калі мы бачым непразрыстыя схемы. Таму некалькі дзясяткаў гадоў нам і кажуць, што дзяржава датуе нашы выдаткі на энергарэсурсы, у прыватнасці, не электраэнергію. Хаця мы не ведаем канкрэтныя лічбы. Кожны год цэны на электраэнергію падвышаюцца, а нам усё кажуць, што мы не можам дасягнуць 100 адсоткаў.

Потым аказваецца, што профільныя ведамствы будуюць сабе новыя офісы, утрымліваюць спартыўныя клубы, і ўсё гэта непразрыста. Мы не ведаем, колькі грошай на гэта выдаткоўваецца, а цэны ўсё растуць.

Таму трэба, каб былі два чыннікі. Першы – гэта рынкавыя ўмовы і канкурэнтнае асяроддзе. І другі – празрыстасць, каб можна было прафесійна праверыць фарміраванне коштаў і выдаткаў.

РР: У якіх сферах беларусы змогуць адчуць нейкую палёгку ад таго, што ў краіне з’явілася атамная электрастанцыя?

Леў Марголін: Не думаю, што будзе вялікая палёгка, хаця некалі беларусам абяцалі, што яны будуць ледзь не ўсе ездзіць на электрамабілях. З 1 студзеня гэтага году, дарэчы, зарадка электрамабіляў на станцыях стала платнай, так што гэта яшчэ адзін “падарунак” беларусам пад ёлачку.

Увогуле, будаўніцтва ў краіне АЭС – гэта была своеасаблівая аванцюра ці нават цацка. Маўляў, у іншых ёсць, і я хачу такую ж.

Але, мяркую, акупляльнасць станцыі не пацвярджалася ніякімі рэальнымі разлікамі, экспертнымі ацэнкамі і гэдак далей.

І трэба ж яшчэ думаць не толькі пра тое, які будзе сабекошт самой электраэнергіі. Калі запускаецца АЭС, то адразу ж закладваюцца выдаткі на яе закрыццё. У станцыі абмежаваны век  – каля 50 гадоў. Закрываць яе даволі дорага, на гэта адразу трэба рабіць пэўныя адлічэнні. Таксама варта вырашаць пытанне з захоўваннем адпрацаванага ядзернага паліва.

Таму гэта толькі на першы погляд падаецца, што электраэнергія АЭС такая танная. Яна даволі дарагая.

РР: Адным словам, спажыўцам не варта спадзявацца, што з запускам АЭС пачне зніжацца цана на электраэнергію.

Леў Марголін: Больш чым упэўнены, што ў бліжэйшы час гэтага не адбудзецца. У смелых разліках чакалася, што будзе рост эканомікі, які і паглыне дадатковую электраэнергію, але мы бачым, што ніякага росту няма і пакуль што чакаць яго не даводзіцца.

РР: Ці патрэбна ў такім выпадку краіне другая атамная элекстранцыя, пра што не так даўно ўжо заяўлялася?

Леў Марголін: Нам і першая была не вельмі патрэбна. Нябожчык Марат Афанасьеў, які быў энергетыкам, рабіў дакладныя разлікі і даказваў, што ні з якога пункта гледжання Беларусі не патрэбна АЭС. І, тым больш, не патрэбна другая атамная электрастанцыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя