Леў Марголін: Нашая эканоміка 500 даляраў сярэдняга заробку не цягне



Сяргей Румас правёў рабочую нараду па заработнай плаце ў краіне. Падставай для нарады стала тое, што сярэднія заробкі беларусаў у верасні знізіліся амаль на 24 рублі і склалі па афіцыйнай статыстыцы 964 рублі. Нагадаем, раней у Саўміне заяўлялі, што, па дадзеных за верасень бягучага года, сярэдні заробак у краіне можа выйсці на ўзровень каля 1000 рублёў, а ў далейшым не будзе апускацца ніжэй.

Эканаміст Леў Марголін узгадаў, якім чынам летась улады падымалі беларусам сярэдні заробак.

– У мінулым годзе гэта было штосьці неверагоднае – за месяц павялічыць заробкі на 18 працэнтаў. Тут было скарыстана ўсё, што толькі магчыма, – і так званая “сямнаццатая зарлата”, і ўсялякія прэміі. Былі чуткі, што на некаторых прадпрыемствах авансам выпісвалі за студзень, а затым утрымлівалі са студзеньскіх заробкаў. У гэтым годзе магчыма такога не будзе, але тое, што гэтая тысяча можа быць толькі ў тых умовах, калі яна менш за 500 даляраў, гэта неаспрэчна. Нашая эканоміка 500 даляраў не цягне.

“Падзенне выручкі з прычыны ваганняў курсу расейскага рубля не дазволіла многім прадпрыемствам падтрымаць існуючы ўзровень аплаты працы”, – падкрэсліў беларускі прэм’ер Сяргей Румас. Глыбокі аналіз прычын для вяртання на дынаміку росту зарабатнай платы будзе прадметам разгляду на пасяджэнні прэзідыума саўміна. Раней Сяргей Румас заявіў, што ўрад таксама рыхтуе пералік мер, накіраваных на павышэнне даходаў нізкааплатных катэгорый работнікаў. У 2019 годзе, па абяцаннях уладаў, сярэдні заробак беларусаў павінен скласці ўжо 1025 рулёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя