Лідскі раён прызнаны лепшым для вядзення бізнесу ў Беларусі



„Лідскі раён з’яўляецца лепшым для вядзення бізнесу сярод населеных пунктаў звыш 50 тыс. жыхароў”, паведамляе свабодная эканамічная зона „Гроднаінвест”. Да такой высновы прыйшло журы рэспубліканскага конкурсу „Лепшы горад і вобласць для бізнесу Беларусі — 2019”.

У конкурсе ўзялі ўдзел 138 з 143 рэгіёнаў краіны. У склад экспертнага журы ўвайшлі бізнес-асацыяцыі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, вядучыя эканамісты краіны.

Конкурс праводзіцца Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва пры падтрымцы Міністэрства эканомікі з 2008 года. Рэгіёны ацэньваліся па такіх паказчыках, як колькасць дзейных суб’ектаў гаспадарання, сабраныя падаткі, удзельная вага новых працоўных месцаў, тэмп прыросту пералічаных паказчыкаў.

„Для развіцця бізнесу ў Лідскім раёне створаныя тры інвестыцыйныя пляцоўкі СЭЗ „Гроднаінвест” агульнай плошчай звыш 540 га. Спецыяльны прававы рэжым, які ўключае падатковыя, мытныя і іншыя прэферэнцыі, дазваляе скараціць выдаткі па праекце да 40%”, — гаворыцца ў паведамленні свабоднай эканамічнай зоны.

Варта зазначыць, што беларускія ўлады зараз спрабуюць стварыць умовы для развіцця праблемных раёнаў, у якіх бізнес слаба развіваецца.

З гэтай мэтай Міністэрства эканомікі сёлета сумесна з аблвыканкамамі падрыхтавала комплексны план развіцця 31 рэгіёна Беларусі, адсталага па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.

„Асноўная задача — падцягнуць адсталыя рэгіёны да сярэднерэспубліканскага ўзроўню. Гэта задача няпростая. Трэба стварыць умовы не толькі для рэальнага сектара, але і для прыцягнення працоўных рэсурсаў, зніжэння адтоку насельніцтва за кошт стварэння камфортных умоў для жыцця”, — заяўляў у жніўні гэтага года прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

У кастрычніку ўрад зацвердзіў план дзеянняў для 31 адсталага рэгіёна.

План прадугледжвае рэалізацыю партфеля інвестыцыйных праектаў і прапаноў у адстаючых рэгіёнах і змяшчае 282 праекты з агульным аб’ёмам інвестыцый 10 млрд 24,1 млн рублёў і 2,5 млн долараў ЗША, а таксама 224 інвестыцыйныя прапановы з патрабаваным аб’ёмам фінансавання каля 900 млн рублёў.

belapan.by