Лілія Ананіч занепакоена неэфектыўнай працай дзяржаўных выдавецтваў



У Беларусі наспела пытанне аптымізацыі дзяржаўных выдавецтваў, заявіла на калегіі Міністэрства інфармацыі яго кіраўнік Лілія Ананіч, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Паводле яе слоў, пад аптымізацыяй разумеецца не закрыццё выдавецтва і скарачэнне працоўных месцаў, а эфектыўная рэалізацыя задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў сферы кнігавыдання, выключэнне дублявання тэматыкі.

У Беларусі пяць дзяржаўных выдавецтваў, якія выпускаюць у асноўным беларускамоўную літаратуру і літаратуру па дзяржаўных праграмах, нагадала чыноўніца. Яна выказала шкадаванне, што дзяржвыдавецтвы сёння не лідзіруюць у сферы выдання дапаможнай літаратуры. Так, больш за палову з 9,5 тысячы кніг, якія выйшлі ў свет у 2016 годзе, складае дапаможная адукацыйная літаратура, выпушчаная прыватным выдавецтвам „Аверсэв”.

Гэтае пытанне ўвесь час знаходзіцца на парадку дня Мінінфарма, сказала Ананіч. Акрамя гэтага, дадала яна, у міністэрстве абмяркоўваецца пытанне аб кошце паліграфічных паслуг.

Паводле слоў міністра, сёння востра стаіць праблема з непрадаванымі запасамі прадукцыі выдавецтваў.

„Складскія запасы выдавецтваў вызначаюцца, у першую чаргу, як неэфектыўная праца па кнігах, якія выпускаюцца без дзяржаўнай падтрымкі. Хоць кніга — гэта не хлеб, кніга можа быць у гандлі і год, і два, і тры. Не састарваюцца ні Колас, ні Купала, ні нейкая іншая добрая кніга. Але разам з тым эканоміка выдавецтваў сёння не можа далей трываць такія складскія запасы. Склады — гэта заработная плата”, — заявіла чыноўніца.

belapan.by