Ліцэнзаванне ў Беларусі будзе рэгулявацца адзіным дакументам



Ліцэнзаванне ў Беларусі плануецца рэгуляваць адзіным дакументам. Аб гэтым заявіў 10 студзеня журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч перад пачаткам пасяджэння грамадска-кансультатыўнага савета пры Мінэканомікі.

„Мы дапрацоўваем праект указа па ліцэнзаванні. З’яўляюцца слушныя прапановы, каб у яго ўключыць усе дзеючыя дакументы, каб ліцэнзіі і ліцэнзуемыя віды дзейнасці рэгуляваліся адзіным дакументам”, – адзначыў Дзмітрый Матусевіч.

Паводле яго слоў, завяршаецца прыём прапаноў ад зацікаўленых адносна праекта ўказа. „У панядзелак-аўторак будзем гатовы абмяркоўваць дакумент з экспертамі. Учора першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі, які курыруе гэту работу, паведаміў аб тым, што і ў Адміністрацыі Прэзідэнта, і ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў нам дапамогуць. Выдзелены спецыялісты, каб завяршыць гэту работу максімальна хутка”, – рэзюмаваў намеснік міністра.

belta.by