Лукашэнка аб праблемах АПК: Спісання даўгоў быць не можа



На нарадзе 28 студзеня ў Менску па праблемах аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў наладзіць эфектыўную працу прадпрыемстваў АПК і заявіў, што спісання даўгоў для іх не будзе.

„Гаворкі пра спісанне даўгоў быць не можа, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Што вінен, аддаць павінен. Вярніце даўгі. Гаворка можа ісці толькі аб тым, што мы вам дадзім нейкую аддушыну, каб вы маглі хапнуць свежага паветра”.

Як вынікае з паведамлення тэлеграм-канала „Пул Першага”, спісаць даўгі прапанаваў падчас нарады прэм’ер-міністр Сяргей Румас. „Сяргей Мікалаевіч, вы ж банкір, а прапануеце такое”, — адрэагаваў Лукашэнка.

Прэс-служба кіраўніка дзяржавы нагадвае, што праблемныя пытанні АПК рэгіёна ўжо абмяркоўвалі ў лістападзе ў Віцебску, тады былі дадзеныя даручэнні для выпраўлення сітуацыі. „Першае пытанне: якія канкрэтныя меры прапануюцца? Якія выпрацаваныя мадэлі фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў і, галоўнае, што гэта дасць у выніку? — запытаўся Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. — У пададзеных матэрыялах асноўны ўпор пакуль зроблены на меры дзяржаўнай падтрымкі. Калі гэта адзінае, з чым вы сюды прыйшлі, то мы проста дарэмна патрацім час”.

Паводле яго слоў, усе работнікі прадпрыемстваў АПК Віцебскай вобласці, ад шараговых супрацоўнікаў да кіраўнікоў, „павінны ўзварушыцца, працаваць з максімальным напружаннем”. „Папярэдзьце іх, што калі дзяржава зробіць адпаведныя крокі ім насустрач, то ім давядзецца працаваць з раніцы да ночы, каб не толькі вярнуць даўгі, якія ў іх сабраліся, але і вывесці свае прадпрыемствы на бясстратную працу”, — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што, арыентуючы людзей на інтэнсіўную працу, „неабходна ў безумоўным парадку забяспечыць ім дастойную заработную плату”. „Людзей, вядома, трэба прымусіць працаваць у Віцебскай вобласці, як і ў іншых абласцях, — тых, хто яшчэ не зразумеў, што трэба напружвацца і працаваць. Але трэба не забываць, што калі вы напружвае людзей, вы ім своечасова павінны плаціць нармальную заработную плату. Як гэтая праблема вырашаецца ў вашых планах? Чым разлічваеце не толькі ўтрымаць людзей на вёсцы, але і прыцягваць новых, высакакласных, спецыялістаў?” — пацікавіўся Лукашэнка.

Ён паўтарыў сваё патрабаванне аб тым, што сельскую гаспадарку Віцебскай вобласці трэба „істотна мадэрнізаваць”. „Мадэрнізацыя павінна быць па галоўным кірунку: што будзем апрацоўваць у Віцебскай вобласці — зоне не проста рызыкоўнага, а крытычнага земляробства?” — адзначыў ён. З улікам асаблівасцей рэгіёна, у многіх раёнах неэфектыўнае, напрыклад, вырошчванне кукурузы на зерне, іншых культур, таму канцэнтравацца неабходна на вытворчасці малака і мяса, лічыць Лукашэнка.

На думку афіцыйнага лідара, для прадпрыемстваў АПК рэгіёна патрэбныя канкрэтныя праграмы развіцця. „Кожны год паводле яго вынікаў праграма павінна быць кантраляваная. Яна павінна быць празрыстай і зразумелай, каб мы змаглі падвесці вынікі і зрабіць высновы: будуць вернутыя даўгі ці не, як функцыянуюць гэтыя гаспадаркі, ці настолькі нармальна яны функцыянуюць, каб людзі жылі прыстойна, гадавалі дзяцей і каб вярнуць даўгі”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by