Лукашэнка адкрыў рэканструяваны мост у Жыткавіцкім раёне



Рэканструяваны мост цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці ўрачыста адкрыты 6 лістапада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Афіцыйны лідар падкрэсліў, што адкрыццё новых значных аб’ектаў напярэдадні свята 7 лістапада ўжо стала добрай традыцыяй, гэты год не выключэнне. „Думаю, моладзь падтрымае такія нашы памкненні”, — сказаў Лукашэнка. Ён нагадаў, што літаральна ў снежні мінулага года мост з-за аварыйнага стану прыйшлося закрыць, што стала надзвычайнай праблемай для жыхароў Турава і Жыткавіцкага раёна.

„Арганізаваная па патрабаванні прэзідэнта пантонная і паромная пераправы толькі часткова вырашалі ўзніклыя пытанні. Паколькі рашэнне прымалася на дзяржаўным узроўні, то рабілася ўсё дастаткова хутка. У красавіку было прынята рашэнне аднавіць мост за гранічна кароткі час. Аляксандр Лукашэнка з гонарам адзначыў, што гэта няпростая задача выканана”, — гаворыцца ў рэлізе.

„Як мне дакладваюць, сціслыя тэрміны не адбіліся на якасці. Работнікі дарожна-будаўнічай сферы не толькі вырашылі складаныя пытанні і дамагліся пастаўленых мэтаў, але і набылі бясцэнны вопыт, — сказаў Лукашэнка. — Менавіта тут упершыню былі прымененыя многія наватарскія ідэі і тэхналогіі. На гэты вынік працавалі ўсе”.

Лукашэнка даручыў прадставіць да ўзнагарод будаўнікоў і кіраўнікоў, якія займаліся рэканструкцыяй моста.

У ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць ён таксама пагутарыў з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожных арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні моста, і жыхарамі Жыткавіцкага раёна.

belapan.by