Лукашэнка даручыў падвоіць фінансавыя паказчыкі беларускага ваенпрама



Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 12 лістапада з дакладам старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рамана Галоўчанку, даручыў у найбліжэйшай будучыні падвоіць фінансавыя паказчыкі ваенпрама, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым галіна працуе нядрэнна. У тым ліку па паказчыках рэнтабельнасці, прыбытку, сярэдняй зарплаты сітуацыя лепшая, чым па шэрагу іншых кірункаў, падкрэсліў ён. „Але гэтага недастаткова. Гэта палова таго, у фінансавым дачыненні, што павінна быць на канец наступнага года. Таму будуйце планы на будучыню з мэтай павелічэння нават не аб’ёмаў, а грашовых паступленняў роўна ў два разы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што „свет змяніўся, сёння вельмі высокі попыт на разумную высокадакладную зброю і, асабліва, на сродкі барацьбы з гэтай зброяй”. „Мы вырабляем абарончыя сістэмы. Гэта тое, што трэба многім дзяржавам. Мы наступаць ні на каго не збіраемся. Таму трэба развіваць гэтыя школы, цэнтры, вытворчасці для таго, каб сябе забяспечыць высокаэфектыўнай абарончай зброяй і прапанаваць іншым дзяржавам”, — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што прадпрыемствы ВПК павінны атрымліваць сваё развіццё незалежна ад формы ўласнасці, ці то дзяржаўныя ці то прыватныя: „Розніцы няма. Натуральна, у сілу спецыфічнай прадукцыі павінен быць жорсткі кантроль і кіраванне гэтымі прадпрыемствамі з вашага боку”.

Лукашэнка таксама пацікавіўся ў Галоўчанкі „сітуацыяй у ведамстве і планамі ў адпаведнасці з пастаўленымі стратэгічнымі задачамі”, паведамляе прэс-служба.

belapan.by