Лукашэнка даручыў за год прадаць або знесці закінутыя дамы ў вёсках
Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка на нарадзе пра сітуацыю ў аграпрамысловым комплексе зноў звярнуў увагу на праблему вялікай колькасці пустых прысядзібных участкаў і закінутых дамоў у вёсках.
Як паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, ён паставіў задачу перад усёй вертыкаллю ўлады на працягу гэтага года аператыўна вырашыць адпаведныя пытанні: безгаспадарныя дамы трэба альбо прадаць, альбо знесці іх, а зямлю — рэкультываваць і ўцягнуць у сельгасабарот. Разам з тым Лукашэнка адзначыў і пазітыўную тэндэнцыю: апошнім часам гараджане пачалі актыўна купляць пустыя ўчасткі і дамы ў сельскай мясцовасці.
Аналагічным чынам Лукашэнка запатрабаваў вырашыць праблему старых будынкаў былых ферм, якія цяпер не выкарыстоўваюцца: „Мы пабудавалі жывёлагадоўчыя комплексы. Гэта дало нам магчымасць сысці амаль паўсюдна з вытворчых памяшканняў, якія тэхналагічна не могуць забяспечыць вытворчасць. Гэта значыць, мы кінулі старыя фермы, і на дахах растуць дрэвы”. На вырашэнне гэтай праблемы ён адвёў два-тры гады, падкрэсліўшы, што гэтыя аб’екты не павінны быць „помнікамі безгаспадарчасці”, а вызваленыя землі павінны выкарыстоўвацца пад патрэбы сельскай гаспадаркі. „Прыводзьце ўсё ў парадак!” — запатрабаваў Лукашэнка.
Ён даручыў старшыні КДК Васілю Герасімаву ўзяць рашэнне акрэсленых праблем на кантроль. „І не дай бог хтосьці не выканае гэтыя задачы, спасылаючыся на якія-небудзь абставіны”, — папярэдзіў Лукашэнка.
Як паведамлялася, 24 сакавіка Лукашэнка падпісаў указ № 116 „Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні працы з пустымі дамамі”. Дакументам спрашчаецца парадак адчужэння грамадзянамі жылых дамоў, якія належаць ім, у сельскіх населеных пунктах і гарадах раённага падпарадкавання, калі яны былі пабудаваныя да 8 траўня 2003 года (даты ўваходжання ў сілу закона „Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй”). Адчужацца такія дамы могуць без наяўнасці дакументаў, якія сведчаць права на іх, пры ўмове ўнясення звестак аб жылых дамах у пагаспадарчую кнігу сельскага (пасялковага) выканаўчага камітэта альбо іх узвядзення на зямельных участках, выдзеленых у адпаведнасці з заканадаўствам (незалежна ад дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на гэтыя ўчасткі).
Указам забяспечваецца стварэнне ўмоў для ўключэння ў абарот жылых дамоў, якія пустуюць тры гады і больш або знаходзяцца ў аварыйным стане, а таксама зямельных участкаў пад імі. Прадугледжаны адпаведны алгарытм працы выканкамаў па выяўленні такіх дамоў і ўключэнні іх у адзіны рэестр пустых дамоў. Доступ да гэтай базы звестак будзе давацца зацікаўленым на бязвыплатнай аснове.
Пустыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, выканкамы змогуць прадаваць на аўкцыёнах па рынкавым кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да адной базавай велічыні. Аблвыканкамы атрымліваюць права вызначаць населеныя пункты, на тэрыторыі якіх пустыя дамы могуць быць прададзеныя адразу за адну базавую велічыню. Пакупніку такога дома на падставе яго заявы даецца растэрміноўка аплаты да трох гадоў без індэксацыі плацяжоў.
Знос непрыдатных для выкарыстання пустых дамоў не вышэйшых за два паверхі дапускаецца без распрацоўкі праектнай дакументацыі на іх знос.
