Лукашэнка дазволіў выдзяляць участкі больш за 1 га на будаўніцтва жылога дома



Віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў падвёў вынікі нарады 15 лютага з кіраўніком дзяржавы па зямельных пытаннях.
Паводле яго слоў, вырашана перагледзець памер участкаў для будаўніцтва дамоў, якія прадстаўляюцца ў сельскіх населеных пунктах.

Сёння гэта – да 25 сотак. Урад прапаноўваў – да гектара, Лукашэнка прапанаваў не абмяжоўвацца гектарам і пры неабходнасці выдзяляць больш – для абслугоўвання жылога дома, паведамляе officelife.media.

Будуць адкарэкціраваны правілы мэтавага выкарыстання ўчасткаў. Прапануецца больш гнуткі падыход, уключаючы трансфармацыю з асабістай падсобнай гаспадаркі ў тэрыторыю для абслугоўвання жылога дома, і наадварот, растлумачыў Снапкоў.

Трэцяе пытанне, разгледжанае на нарадзе, – магчымасць драбнення ўчасткаў.

Шмат прыкладаў таго, калі бацька хоча пабудаваць дом побач з сынам, ці наадварот, і зараз гэта зрабіць складана. Падыход будзе зменены.

Снапкоў дадаў, што ўзнімалася і пытанне аб садаводчых таварыствах – сёння, каб змяніць межы ўчастка, трэба змяняць праект.

„Мы прапанавалі па факце афармляць межы ўчасткаў садаводчых таварыстваў, да прыняцця нарматыўных актаў, якія змяняюць умовы зямельных адносін. Пры гэтым мы не павінны дапусціць магчымых спекуляцый зямельнымі ўчасткамі”, – сказаў першы віцэ-прэм’ер.

[manual_related_posts]