Лукашэнка: Мусім павялічыць колькасць насельніцтва Беларусі да 15 млн чалавек



Аб неабходнасці павелічэння колькасці насельніцтва Беларусі да 15 млн чалавек заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня, заслухоўваючы даклад аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва.

„Наша галоўнае багацце — гэта чалавечы капітал. У апошнія гады была станоўчая дынаміка прыросту насельніцтва. Неабходна гэтую дынаміку не проста захаваць, яе трэба павялічыць. Беларусь можа пракарміць 20 млн чалавек. А самая галоўная наша задача, якую не мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 млн насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

У гэтым пытанні, падкрэсліў ён, дзяржава абавязана дзейнічаць на апярэджанне, прагназаваць будучыя працэсы і своечасова на іх рэагаваць.

„Стварэнне ўмоў для стымулявання нараджальнасці, забеспячэнне людзей працай, рост іх дабрабыту — гэта асноўныя ўрадавыя задачы, задачы мясцовых органаў улады, якія трэба вырашаць. За вырашэнне гэтых сацыяльных пытанняў запыт самы жорсткі з любога чыноўніка”, — сказаў ён.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ў краіне пражывае недастатковая колькасць насельніцтва. „Страшна тое, што ў нас мала насельніцтва. Нам трэба, каб было 20 млн, а яшчэ лепш — 30 млн. Мы ў стане іх пракарміць”, — заяўляў Лукашэнка ў кастрычніку 2011 года, сустракаючыся з удзельнікамі Еўразійскага кангрэса кардыёлагаў.

Паводле апошніх звестак Белстата, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 ліпеня 2017 года склала 9 млн 495,5 тыс. чалавек.

belapan.by