Лукашэнка падпісаў указ пра пашырэнне межаў свабодных эканамічных зон



У Беларусі пашыраюцца межы свабодных эканамічных зон і магчымасці развіцця іх інфраструктуры. Адпаведны ўказ № 346 падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Указам прадугледжваецца пашырэнне тэрыторыі свабодных эканамічных зон „Магілёў”, „Віцебск”, „Мінск” і „Гроднаінвест” шляхам уключэння перспектыўных зямельных участкаў. Аптымізацыя тэрыторыі СЭЗ „Гроднаінвест” будзе праведзеная шляхам выключэння аднаго ўчастка ў сувязі са зменай яго мэтавага прызначэння і выключэння ўчасткаў, не запатрабаваных інвестарамі.

Для стварэння інфраструктуры ў СЭЗ зараз могуць выкарыстоўвацца дадатковыя крыніцы фінансавання, не забароненыя заканадаўствам, што дасць магчымасць выкарыстоўваць на гэтыя мэты крэдытныя сродкі. Указам таксама замацоўваецца магчымасць вызначаць у якасці заказчыкаў па праектаванні і будаўніцтве аб’ектаў інфраструктуры ў межах СЭЗ іншыя арганізацыі, акрамя адміністрацый СЭЗ. Гэтыя меры ствараюць умовы для магчымасці крэдытавання будаўніцтва інфраструктуры ў СЭЗ у перспектыве, адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя таго, „спрашчаецца парадак камандзіравання кіраўнікоў адміністрацый СЭЗ для вырашэння актуальных пытанняў”.

Нагадаем, 7 жніўня Лукашэнка правёў нараду з членамі ўрада і старшынямі аблвыканкамаў аб рабоце свабодных эканамічных зон і заявіў: „Мне дакладваюць ва ўрадзе, свабодныя эканамічныя зоны ўносяць істотны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым, фарміруючы 4% ВУП. Там сканцэнтравана амаль 13% прамысловай вытворчасці, каля 16% экспарту і каля 7% прамых замежных інвестыцый. Напэўна, гэта важкі ўклад, але ці сувымерны ён з тымі льготамі, якія прадастаўленыя рэзідэнтам свабодных эканамічных зон?”

У снежні 2016 года пытанні развіцця СЭЗ ужо разглядаліся на нарадзе ў прэзідэнта ў сувязі са зменамі мытнага заканадаўства ў ЕАЭС. Падыходы Савета міністраў былі ўхваленыя, падпісаны адпаведны ўказ.

„Сёння ўрад уносіць чарговыя прапановы, якія нібыта павінны стымуляваць развіццё нашых свабодных эканамічных зон”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка пацікавіўся, ці патрэбныя на сучасным этапе свабодныя эканамічныя зоны ў тым выглядзе, у якім яны існуюць, наколькі эфектыўнымі аказаліся прынятыя ў канца 2016 года меры і які вынік яны прынеслі эканоміцы Беларусі.

Даведка БелаПАН. У Беларусі функцыянуюць шэсць свабодных эканамічных зон (па адной у кожным абласным адміністрацыйным цэнтры, уключаючы Менск): „Брэст” (1996), „Гомель-Ратон” (1998), „Мінск” (1998), „Віцебск” (1999), „Магілёў” (2002), „Гроднаінвест” (2002).

Спецыяльны мытны, рэгістрацыйны і падатковы рэжым СЭЗ дае прадпрыемствам магчымасць працаваць у асаблівых ільготных умовах.

Паводле звестак Мінэканомікі, на 1 сакавіка 2017 года ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ было зарэгістравана 410 кампаній, на якіх занята каля 123,5 тыс. чалавек.

Для ўсіх беларускіх СЭЗ устаноўлены адзіны спецыяльны прававы рэжым дзейнасці іх рэзідэнтаў. Для атрымання статусу рэзідэнта СЭЗ неабходнае выкананне наступных умоў: аб’ём інвестыцый у рэалізацыю праекта не менш за 1 млн еўра (або 500 тыс. еўра пры ўмове іх інвеставання на працягу 3 гадоў з даты рэгістрацыі), стварэнне і (або) развіццё вытворчасці, арыентаванай на экспарт і (або) імпартазамяшчэнне.  БелаПАН