Лукашэнка патрабуе перавысіць узровень сярэдняга заробку ў тысячу рублёў



Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў на працягу года перасягнуць узровень сярэдняй зарплаты ў краіне ў тысячу рублёў. Пра гэта ён заявіў 2 сакавіка падчас справаздачы ўрада, Нацбанка, аблвыканкамаў і Менгарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

„Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысяччу рублёў у снежні. Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэтую сярэднюю тысячу ў канцы года. Але дзве траціны насельніцтва практычна гэтай зарплаты не бачылі. У паловы — ніжэй за 650 рублёў. А 10% насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за 300 рублёў. Гэта жыхары ў раёнах, дзе альтэрнатывы ў плане працаўладкавання няма”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што пакуль не бачыў графіка росту зарплаты на 2018 год. „Паводле маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне у 2018 годзе заработнай платы на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ні адна з абласцей. Гэта таксама кажа пра тое, што вы пакуль не здольныя яе забяспечыць”, — лічыць Лукашэнка.

Ён запатрабаваў ад губернатараў і прэм’ер-міністра быць бліжэй да праблем людзей і падкрэсліў, што яго патрабаванне ў плане павышэння зарплаты застаецца нязменным. „Я ўжо папярэдзіў. Разумею, што ў снежні выйшлі прыкладна на тысячу рублёў. У студзені зарплата ўпала, зразумела, прагулялі паўмесяца практычна, адпачывалі, Новы год святкавалі. Люты — кароткі месяц. Але да канца першага квартала ваша задача — аднавіць тысячу рублёў, а на працягу года — перасягнуць гэты паказчык”, — распарадзіўся Лукашэнка.

На яго думку, павялічыць гэты паказчык варта за кошт павышэння для катэгорыі работнікаў з нізкай зарплатай. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра настаўнікаў, урачоў, работнікаў дзіцячых садоў, а таксама сацыяльнай сферы і галіны культуры.

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў студзені 2018 года ў параўнанні са снежнем мінулага года знізілася на 136,3 рубля (на 13,7%) і склала 859 рублёў. У студзені 2017 года яна была роўная 720,7 рубля, у лютым — 716,5, сакавіку — 770,6, красавіку — 776,7, маі — 795,2, чэрвені — 819,3, ліпені — 827,5, жніўні — 844,4, верасні — 831,3, кастрычніку — 841, лістападзе — 836,9, снежні — 995,3 рубля.

Паводле звестак Белстата, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў традыцыйна была ў Мінску — 1.188,7 рубля, найменшая — у Магілёўскай вобласці (723,9). У Брэсцкай вобласці сярэдняя зарплата склала 730,7 рубля, у Віцебскай — 734,8, Гомельскай — 783,6, Гродзенскай — 729,6, Мінскай — 874,6.

belapan.by

Фота РИА Новости