Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў у праўленні Нацбанка



Аляксандр Лукашэнка 20 ліпеня прызначыў новых кіраўнікоў у праўленні Нацыянальнага банка.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, намеснікам старшыні праўлення Нацбанка прызначаная начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый, член праўлення Ілона Лядніцкая. На другі тэрмін паўнамоцтваў члена праўлення прызначаная начальнік галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Алена Машніна. Членамі праўлення Нацыянальнага банка таксама прызначаныя начальнік галоўнага ўпраўлення аперацый на фінансавых рынках Дзяніс Гарагляд і начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрый Мурын.

Прымаючы кадравыя рашэнні, Лукашэнка заявіў, што варта змякчаць фінансавую палітыку і забяспечваць пастаянны рост крэдытавання эканомікі.

„Вы памятаеце, што я прасіў задаць устойлівы трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі і пастаянны рост крэдытавання эканомікі. Пры гэтым, вядома, будзем стрымліваць інфляцыю”, — заявіў Лукашэнка, якога цытуе тэлеграм-канал „Пул Першага”.

Кіраўнік дзяржавы таксама анансаваў нараду з удзелам эканамічных уладаў, якая пройдзе ў найбліжэйшыя дні.

„Літаральна на працягу некалькіх дзён у нас адбудзецца размова і з урадам. Паглядзім, як яны гэтым займаюцца. Як можна так займацца, кантраляваць цэнаўтварэнне, а ў той жа час цэны на некаторыя тавары (ужо ў СМІ праслізгвае) падняліся амаль у два разы?”— задаўся рытарычным пытаннем Лукашэнка.

Папярэдні раз Аляксандр Лукашэнка праводзіў нараду па эканамічных пытаннях 19 чэрвеня.

Тады ён заяўляў, што прэм’ер-міністр і кіраўнік Нацбанка адказваюць за рост ВУП і даходаў насельніцтва, стрымліванне цэн. „А з сённяшняга дня старшыня Нацбанка з’яўляецца галоўным памочнікам прэм’ер-міністра па выплаце заработнай платы і працы прадпрыемстваў”, — падкрэсліваў Лукашэнка.

Пры гэтым ён канстатаваў, што растуць працэнтныя стаўкі па крэдытах, банкі не ідуць насустрач па рэструктурызацыі старых даўгоў.

„Баяцца за свае, напэўна, немалыя бонусы і прэміі. Я яшчэ раз, Павел Уладзіміравіч [Калаур], публічна папярэджваю: забудзьцеся пра свае бонусы. Не вы асабіста, а камерцыйныя банкі, якія я вам адназначна даручыў узяць пад кантроль. Ніякіх бонусаў, прэмій. Там бедных няма. Гэта асабліва тычыцца гэтага года”, — акцэнтаваў увагу Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Нацбанка падчас нарады 19 чэрвеня.

belapan.by