Лукашэнка распарадзіўся павялічыць вытворчасць грэчкі



Наведваючы 3 красавіка Смалявіцкі раён Менскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся павялічыць вытворчасць грэчкі, паведамляе тэлеграм-канал «Пул Першага».

Як адзначаецца, даручэнне звязанае з тым, што ў Беларусі для ўнутранага спажывання вырошчваецца прыкладна палова неабходнага аб’ёму грэчкі, астатняе імпартуецца з Расеі, аднак «зараз зʼявіліся пэўныя цяжкасці з пастаўкамі».

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, у Смалявіцкім раёне Лукашэнка наведае арганізацыі групы кампаній «Сэрвалюкс». «Спачатку кіраўнік дзяржавы прыедзе на МТФ «Мглё» філіяла «Смалявічы Дэйрыз» ААТ «Смалявічы бройлер». Тут запланаваныя даклады аб развіцці сельгасвытворчасці ў Менскай вобласці, Смалявіцкім раёне і перспектывах развіцця групы кампаній СЗАТ «Сэрвалюкс». Размова таксама пойдзе аб ходзе вясновых палявых работ у Беларусі. Прэзідэнт азнаёміцца з сучаснай тэхналогіяй вырошчвання і ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Затым у ЗАТ «Юніміт» кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з тэхналогіяй вытворчасці паўфабрыкатаў з мяса птушкі, наведае вытворчыя ўчасткі», – гаворыцца ў паведамленні.

БелаПАН