Лукашэнка заснаваў брэнд шакаладу „Прэзідэнт”



У гандаль Беларусі хутка паступіць шакалад пад брэндам „Прэзідэнт”, паведаміў Аляксандр Лукашэнка 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ.

Паводле яго слоў, шакалад будзе выраблены без выкарыстання цукру. „Будучы на „Камунарцы”, я перагаварыў з тэхнолагам, вывучыў пытанне. Даручыў, каб зрабілі такі шакалад. Яны прапанавалі варыянтаў дваццаць. У выніку яны знайшлі тэхналогіі, ён хоць і без цукру, але досыць салодкі”, — расказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што стараецца „займацца нечым канкрэтным”. Так, паводле яго слоў, нядаўна пабываў у Кітаі, дзе пакаштаваў смачны хлеб. Затым прыехаў дадому, „зрабіў разнос”, што „мы не ўмеем гэта рабіць”, і ў выніку „зрабілі яшчэ лепшы”.

Лукашэнка расказаў і пра асаблівыя цукеркі. Паводле яго слоў, яны не для продажу, бо ў іх вельмі малы тэрмін захоўвання, яны наогул без кансервантаў. „Абсалютна натуральныя шакаладныя цукеркі. Калі хтосьці прыязджае з высокіх гасцей, прэзідэнтаў і іншых, то толькі я іх магу падарыць ў сувенірнай скрынцы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама паведаміў пра гарэлку „Прэзідэнт”. „Яна не прадаецца, падаецца толькі ў маёй прысутнасці, толькі я магу падарыць бутэльку або скрыню, бо кожная бутэлька пранумараваная, і выключана, каб яна трапіла на рынак. Але такой гарэлкі ў свеце няма”, — сказаў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка сказаў, што яго касцюмы шыюцца ў Беларусі, чаравікі ён носіць беларускія, фірмы „Марка”, кашуля, шкарпэткі і гальштук на ім імпартныя.

„Хачу, каб мы больш рабілі свайго. Паверце, за што б мы не ўзяліся, мы здолеем гэта рабіць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Кожны павінен патрошку чагосьці ў гэтую краіну прынесці, асабліва эліта”.

belapan.by