Лябедзька: Выйшаўшы на працу прадпрымальнікі рызыкуюць бізнесам
Прадпрымальнікі, якія сёння выйшлі на працу ў рэгіёнах вельмі рызыкуюць сваім бізнесам, — у гэтым упэўнены лідар Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён лічыць, што дробныя бізнесоўцы, якія вярнуліся на рынкі ў Берасці, як і ў іншых гарадах Беларусі, хутчэй за ўсё не маюць адпаведных сертыфікатаў. Яны спадзяюцца, што прадстаўнікі ўлады заплюшчаць вочы і дадуць ім магчымасць спакойна працаваць без неабходных папераў, але толькі на пэўны перыяд часу, — адзначыў палітык:
— Яны выйшлі на свой страх, на сваю рызыку. Што яны зараз думаюць? Я лічу, што быў зроблены шэраг памылак самімі прадпрымальнікамі: доўгі час яны спадзяваліся на «добрага цара», а потым гаварылі, што яны па-за палітыкай, і што яны ні ў якім разе не пойдуць на плошчу. Гэта былі проста міты і нейкія фобіі, якія яны надта доўга пераадольвалі і столькі патрацілі часу, што, здаецца, у большасці, яны пакуль што прайгралі.
Ужо заўтра да іх могуць прыйсці фіскальныя структуры і забраць увесь тавар, тут дапаможа толькі салідарнасць прадпрымальнікаў, — дадаў Анатоль Лябедзька.
Беларускае Радыё Рацыя
