Мабільная сувязь 4G да канца года з’явіцца ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі



Мабільная сувязь стандарту LTE (4G) да канца года з’явіцца ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі, паведаміў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў 21 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Зараз паслугі сотавай рухомай электрасувязі стандарту LTE даступныя 60% насельніцтва. „Да канца года мы забяспечым практычна ўсе раённыя цэнтры гэтай тэхналогіяй”, — сказаў кіраўнік Мінсувязі.

Ён адзначыў, што ў Беларусі працягваецца развіццё сеткі сотавай рухомай электрасувязі. Мабільнай сувяззю трэцяга пакалення ахоплена 96,5% тэрыторыі краіны, на якой пражывае 99,9% насельніцтва.

Аказанне паслуг мабільнай сувязі чацвёртага пакалення было пачатае ў снежні 2015 года. Сувязь стандарту LTE ўжо даступная жыхарам сталіцы, абласных цэнтраў і буйных раённых цэнтраў.

Зараз паслугі на базе тэхналогіі сувязі LTE (4G) у Беларусі аказваюць аператары „МТС” і life:). Аператар velcom працягвае перамовы з інфраструктурным аператарам — кампаніяй „Беларускія воблачныя тэхналогіі”.

Long Term Evolution (LTE, 4G) — перспектыўнае (чацвёртае) пакаленне мабільнай сувязі, якое характарызуецца высокай хуткасцю перадачы даных і павышанай якасцю галасавой сувязі. Сетка чацвёртага пакалення дазваляе забяспечыць хуткасць перадачы даных у 5—15 разоў вышэй за 3G. Дзякуючы 4G абанент атрымлівае высакахуткасны інтэрнэт, інавацыйныя мультымедыйныя паслугі, аўдыё- і відэакантэнт самай высокай якасці ў рэжыме рэальнага часу, новы ўзровень інтэрактыўных зносінаў.

belapan.by