Магутнасць установак АКЭ ў Беларусі вырасце амаль у два разы



Сумарная электрычная магутнасць установак аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у Беларусі да 2023 года павялічыцца практычна ў два разы і складзе амаль 800 МВт. Аб гэтым паведаміў у прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязей Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Андрэй Мінянкоў.

„Сёння электрычная магутнасць аб’ектаў аднаўляльнай энергетыкі складае каля 408 МВт. Паводле нашых ацэнак, да 2023 года яна павялічыцца практычна ў два разы і дасягне 791 МВт”, – сказаў начальнік аддзела.

Ён адзначыў, што ў Беларусі для развіцця аднаўляльнай энергетыкі першапачаткова былі створаны даволі спрыяльныя ўмовы. Гэты напрамак пачынаўся з невялікіх крокаў, аднак хутка сталі з’яўляцца вялікія інвестдагаворы, магутнасць адзінкавых аб’ектаў і груп аб’ектаў АКЭ станавілася ўсё большай.

„Сёння (паводле даных на 1 кастрычніка. – Заўвага БЕЛТА) сумарная магутнасць установак аднаўляльных крыніц энергіі складае каля 408 МВт, у тым ліку каля 55 фотаэлектрычных станцый магутнасцю 156,6 МВт, 51 гідраэлектрастанцыя магутнасцю 95,3 МВт, 99 ветраэнергетычных установак магутнасцю амаль 108 МВт, 25 біягазавых комплексаў магутнасцю 33 МВт і 9 міні-ЦЭЦ на драўняным паліве тэхнічнай магутнасцю 15 МВт”, – адзначыў Андрэй Мінянкоў.

Раней паведамлялася, што ў 2020 годзе сумарная электрычная магутнасць установак аднаўляльных крыніц энергіі ў рэспубліцы вырасце ў 1,5 раза і складзе 636 МВт.

belta.by