Макей: Беларусі неабходна актывізаваць працэс уступлення ў СГА



Беларусі неабходна актывізаваць працэс уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1”.

„Трэба пастарацца максімальна зняць бар’еры і перашкоды для прасоўвання нашых тавараў на ўсе рынкі. Мы павінны актывізаваць (і мы вельмі актыўна працуем над гэтым) працэс уступлення нашай краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Гэта важна і для эканамічнага іміджу нашай дзяржавы, і для таго, каб мы маглі дзейнічаць па тых уніфікаваных правілах, якія існуюць у рамках СГА, у якую ўваходзіць большасць краін свету”, – сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Уладзімір Макей таксама адзначыў важнасць выкарыстоўваць спрыяльную сітуацыю на знешніх рынках. Ужо ў бягучым годзе Беларусь нарасціла экспарт амаль на $2 млрд, або на 23 працэнты. „Але гэта не значыць, што на гэтым трэба супакоіцца. Гэта часткова таму, што ў свеце адбываецца рост цэн на тую ці іншую прадукцыю. Задача цяпер заключаецца ў тым, каб нарасціць фізічныя аб’ёмы экспарту”, – заявіў міністр.

Ён падкрэсліў, што для выканання адпаведнай задачы ў стратэгічным плане неабходна дыверсіфікацыя знешнеэканамічнай дзейнасці. „Захоўваючы ранейшыя, традыцыйныя рынкі, – гэта рынкі ЕАЭС, Расеі, іншых нашых традыцыйных партнёраў, – больш актыўна асвойваць еўрапейскі рынак і рынкі краін далёкай дугі”, – удакладніў Уладзімір Макей.

belta.by