Малочная кампанія з сусветнага топ-3 набыла Ляхавіцкі малочны завод



Бельгійская B.S.A. International S.A. набыла кантрольны пакет акцый СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Гэта агенцтву «Бізнес-навіны» пацвердзілі дзве незалежныя адна ад адной крыніцы. У канцы студзеня B.S.A. International размясціла паведамленне пра скупку акцый.

Паводле інфармацыі Беларускай валютна-фондавай біржы, у выніку васьмі здзелак, праведзеных у форвардным рэжыме, прадалі 69,3% акцый Ляхавіцкага малочнага завода. Сума ўгодаў склала BYN 18,2 млн (USD 9,4 млн). Яшчэ адна здзелка была здзейсненая ў беларускіх рублях у рэжыме бесперапыннага падвойнага аўкцыёну на суму BYN 4,1 млн.

Акцыі купляліся па USD 52,87 пры намінальным кошце BYN 17.

У аб’яве пра скупку акцый адзначалася, што B.S.A. International гатовая скупіць 100% статутнага фонду. Якая доля акцый ужо належала бельгійскай кампаніі да моманту здзяйснення здзелак, невядома.

У юрыдычнай кампаніі «Арцынгер і партнёры», якая прадстаўляла інтарэсы бельгійцаў ў пагадненні, адмовіліся яго каментаваць, спаслаўшыся на прыватнасць. Дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Жукоўскі пацвердзіў, што ў кампаніі змяніўся асноўны ўласнік, аднак гаварыць пра далейшыя планы развіцця прадпрыемства адмовіўся.

Паводле інфармацыі Bloomberg, B.S.A. International з’яўляецца мацярынскай кампаніяй аднаго з найбуйнейшых вытворцаў малака — французскай Groupe Lactalis S.A. Кампанія належыць сямейнай дынастыі Беснье (Besnier). Па дадзеных IFCN (International Farm Comparison Network), Groupe Lactalis з’яўляецца трэцім па велічыні перапрацоўшчыкам малака ў свеце пасля амерыканскай Dairy Farmers of America і новазеландскай Fonterra. Для параўнання, швейцарская група Nestlé заняла ў рэйтынгу 5-е месца, французская група Danone — 11-е месца.

Groupe Lactalis валодае такімі брэндамі, як President, Galbani, Lactel, Bridel і іншымі. Даччыныя кампаніі групы прадстаўлены па ўсім свеце.

СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» з’яўляецца адным з невялікіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. Па выніках I паўгоддзя 2016 года выручка кампаніі склала BYN 19,1 млн. Пры гэтым кампанія ўваходзіць у 20-ку самых прыбытковых кампаній галіны. Яе чысты прыбытак у студзені-чэрвені 2016 года склаў BYN 1 987,7 тыс. Прадукцыя кампаніі прадаецца пад брэндам «Ляхавічок».

Фота lves.by