МАРГ: У Беларусі расце продаж алкаголю



У Беларусі ў першым паўгоддзі 2018 года зафіксаваны рост продажу алкагольнай прадукцыі.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 25 ліпеня начальнік аналітычнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Павел Філіпаў, продаж алкаголю ў параўнанні з першым паўгоддзем 2017-га вырас на 4,7%. Пры гэтым у агульным тавараабароце доля спіртнога зніжаецца і на дадзены момант складае 9,2%.

У сваю чаргу першы намеснік міністра Артур Карповіч адзначыў: пры зніжэнні спажывання пладова-ягадных вінаў вырас продаж слабаалкагольных напояў і піва.

Каментуючы прапанову Міністэрства ўнутраных спраў аб аднаўленні паўсюднай начной забароны на продаж алкаголю, Карповіч паведаміў, што гэтае пытанне нядаўна абмяркоўвалася ва ўрадзе. „Прынята рашэнне аб тым, каб правесці на пэўных тэрыторыях эксперымент — на пэўныя раёны распаўсюдзіць абмежаванне. Эксперымент правядуць для таго, каб потым вывучыць, як гэта паўплывае на скарачэнне ўзроўню злачыннасці і зніжэнне крымінальнага становішча ў рэгіёне”, — растлумачыў намеснік міністра.

Праект указа прэзідэнта „Аб пытаннях рознічнага гандлю алкагольнымі, слабаалкагольнымі напоямі і півам” быў падрыхтаваны МУС у канцы 2017 года. Міліцэйскае ведамства прапанавала не прадаваць алкаголь з 23.00 да 9.00, а ў крамах з плошчай гандлёвай залы 1 тыс. кв. м і больш абсталяваць для алкагольнай прадукцыі асобную залу. Акрамя таго, МУС прапанавала павялічыць узрост, неабходны для куплі алкаголю, з 18 гадоў да 21 года.

belapan.by