Матэрыялы па пытаннях падатковай палітыкі сталі канфідэнцыйнымі



Члены кансультатыўнага савета па падатковай палітыцы пры Мінфіне атрымалі матэрыялы па падатковых пытаннях з грыфам „канфідэнцыйна”. Па гэтай прычыне, як стала вядома БелаПАН, члены савета цяпер не могуць распаўсюджваць матэрыялы, якія паступаюць па падатковых пытаннях, сярод сродкаў масавай інфармацыі.

Як паведамлялася, у лютым ліст Камітэта дзяржкантролю ў адрас Мінфіна з прапановамі аб павышэнні падаткаў для індывідуальных прадпрымальнікаў атрымаў шырокі грамадскі рэзананс.

На думку экспертаў, гэта і паслужыла падставай для абмежавання распаўсюджвання матэрыялаў па падатковай палітыцы.

Бізнес-саюзы да прынятага ўладамі рашэння ставяцца з разуменнем, але падкрэсліваюць, што выступаюць за адкрытае абмеркаванне падатковых пытанняў, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі.

„Цяпер толькі пачынаецца працэс абмеркавання пытанняў, звязаных з будучай падатковай палітыкай. У гэты перыяд будуць з’яўляцца чарнавыя варыянты праектаў дзяржрашэнняў, і калі кожны раз іх выкладваць у публічны доступ, то інфармацыйнага шуму можа быць больш, чым карысці ад гэтай публічнасці”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

У той жа час бізнес, які фармуе аснову любой эканомікі, „павінен быць максімальна ўключаны ў працэс распрацоўкі змяненняў у падатковае заканадаўства, бо ад характару падатковай палітыкі залежыць будучая эканамічная актыўнасць у краіне”, дадаў эксперт. „Пры гэтым мы лічым, што публічнасць у абмеркаванні ключавых пытанняў падатковай палітыкі важная”, — падкрэсліў Швец.

У сваю чаргу дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч адзначыла, што пытанні падатковай палітыкі павінны быць публічнымі і засакрэчваць іх не трэба.

„Падатковая палітыка павінна быць празрыстай і зразумелай для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, каб сыходзіць ад патэнцыйных правапарушэнняў. Таму засакрэчваць падатковую палітыку абсурдна, і быццам ніхто гэтага рабіць не збіраецца. Чым больш будзе экспертных меркаванняў па фіскальных пытаннях, тым менш акажацца памылак у прыманых дзяржрашэннях”, — падкрэсліла Тарасевіч у каментары БелаПАН.

На яе думку, не трэба „засакрэчваць і не даводзіць да СМІ, што адбываецца ў падатковай палітыцы”. „Іншая справа, што сітуацыя ў краіне няпростая, і не хацелася б, каб чарнавыя варыянты прапаноў станавіліся трыгерам для нейкіх грамадскіх хваляванняў”, — дадала Тарасевіч.

Пры гэтым прадстаўнікі бізнес-саюзаў выказваюць гатоўнасць адкрыта, у тым ліку з удзелам сродкаў масавай інфармацыі, абмяркоўваць найважнейшыя пытанні падатковай палітыкі.

„На мой погляд, любыя пытанні, нават самыя непрыемныя і самыя вострыя, бізнесу лепш абмяркоўваць адкрыта, чым кулуарна”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН эксперт па пытаннях падатковай палітыкі, намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Сяргей Варывода.