МАЗ амаль у паўтара раза павялічыў продаж грузавікоў



Мінскі аўтазавод на 46% павялічыў продаж грузавых аўтамабіляў у студзені-жніўні гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміла прэс-служба МАЗа.

Так, за восем месяцаў 2017 года прадпрыемства прадало 4.047 грузавікоў, за аналагічны перыяд 2016 года — 2.767. Мінскі аўтазавод таксама паставіў удвая больш аўтакранаў і гідраўлічных аўтапад’ёмнікаў. Акрамя таго, сталі больш купляць прычэпаў (на 12%), машын для камунальнай гаспадаркі (на чвэрць) і іншай спецтэхнікі.

У цэлым з пачатку года МАЗ рэалізаваў 5.758 машын, на 29% больш, чым за першыя восем месяцаў мінулага года.

У Беларусі пастаўкі аўтатэхнікі МАЗа выраслі на 35%. На айчынны рынак цяпер прыпадае 23% усіх продажаў. Як адзначылі на заводзе, у краіне расце попыт на аўтобусы, продаж якіх вырас амаль у чатыры разы (да 271).

У Расеі продаж тэхнікі МАЗа вырас на 11% (да 2.985 адзінак). У прыватнасці грузавікоў прададзена на 36% больш. На долю расейскага рынку прыпадае 52% рэалізаванай за мяжой прадукцыі пад брэндам Мінскага аўтазавода.

Акрамя Беларусі і Расеі ключавымі рынкамі для Мінскага аўтазавода застаюцца Украіна і іншыя краіны постсавецкай прасторы, паведамілі на прадпрыемстве. Акрамя таго, МАЗ павялічвае пастаўкі аўтатэхнікі ў краіны далёкага замежжа.

Такім чынам, адзначылі на прадпрыемстве, гэты год можа стаць адным з самых паспяховых для Мінскага аўтазавода за апошні час.

„Апошнія гады былі няпростымі для прадпрыемства, — адзначылі ў прэс-службе МАЗа. — Нам прыйшлося не толькі ўтрымліваць бягучую долю на стратэгічных рынках, але і асвойваць новыя кірункі. Дыверсіфікацыя пайшла на карысць: мы цяпер паспяхова развіваемся ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, аб’ёмы паставак у якіх неўзабаве павінны адчувальна вырасці. Пры гэтым завод паступова павялічвае сваю прысутнасць у Расеі і іншых краінах СНД, нягледзячы на цяжкасці, якія існуюць”.

belapan.by