МАЗ і кітайская кампанія Zoomlion стварылі СП у Беларусі



ААТ „МАЗ” і кітайская кампанія Zoomlion зарэгістравалі сумеснае прадпрыемства і ў найбліжэйшы час пачнуць стварэнне спецмашын на беларускім шасі з кітайскай надбудовай. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода.

На працягу пяці гадоў ТАА „Зумліён-МАЗ” плануе выпусціць каля тысячы спецмашын і выйсці на рынкі краін СНД і ЕС.

Беларуска-кітайская кампанія афіцыйна зарэгістраваная ў Магілёве, дзе на свабодных плошчах завода „Магілёўтрансмаш” разгорне вытворчасць спецтэхнікі. У найбліжэйшы час яна таксама плануе стаць рэзідэнтам СЭЗ „Магілёў” — пратакол аб такім намеры быў падпісаны разам са статутнымі дакументамі. Пры гэтым галоўны офіс адкрыюць у сталіцы, недалёка ад Мінскага аўтазавода. Сумеснае прадпрыемства ўзначаліў Юрый Півавараў, які да гэтага быў намеснікам начальніка ўпраўлення продажу спецтэхнікі і шасі ААТ „МАЗ”.

У 2017 годзе ў Магілёве выпусцяць каля 20 узораў беларуска-кітайскай спецтэхнікі. На ўзровень серыйнай вытворчасці ТАА „Зумліён-МАЗ” плануе выйсці ўжо праз год. Беларусы і кітайцы будуць разам выпускаць аўтакраны, аўтабетонанасосы, аўтамабільныя змяшальнікі і камунальную тэхніку.

На першым этапе спецмашыны будуць ствараць шляхам буйнавузлавой зборкі: кітайскае навясное абсталяванне будзе ўстанаўлівацца на беларускае шасі. Пасля глыбіня вытворчасці, як і ўзровень яе лакалізацыі вырасце ў некалькі разоў. Мяркуецца, што ў Беларусі будуць выпускаць не толькі буйныя вузлы, але і дробныя камплектуючыя.

Спецмашыны будуць пастаўляць у Расею, Казахстан і ва Украіну, а таксама ў краіны Еўрасаюза — Літву, Латвію, Польшчу, Балгарыю і Венгрыю. Беларуска-кітайскую спецтэхніку таксама плануюць экспартаваць на Блізкі Усход, у Афрыку і Лацінскую Амерыку.

Сумеснае прадпрыемства будзе выконваць не толькі інжынірынгавыя, але і маркетынгавыя функцыі: шукаць рынкі збыту, вывучаць попыт і распрацоўваць мадэлі спецтэхнікі, якія не маюць аналагаў. Кітайская кампанія падзеліцца з беларусамі сваімі інавацыйнымі тэхналогіямі.

„Разам з кітайскай кампаніяй мы будзем выпускаць у Магілёве ўнікальную тэхніку, з якой можна ўпэўнена выходзіць на сусветны рынак. Для гэтага мы аб’яднаем лепшае, што ёсць у абодвух прадпрыемстваў. Што важна — мы зможам загрузіць пустыя магутнасці завода „Магілёўтрансмаш” і стварыць новыя працоўныя месцы: калі цяпер там выпускаюць каля 200 адзінак тэхнікі ў год, то ўжо праз некалькі гадоў іх будзе мінімум у чатыры разы больш”, — падкрэсліў Юрый Півавараў.

Рашэнне аб стварэнні СП МАЗ і Zoomlion было прынята паўтара года таму. Кіраўнік кітайскай кампаніі наведаў Менск у траўні 2015 года падчас дзяржаўнага візіту старшыні КНР Сі Цзіньпіна і тады ж загарэўся ідэяй сумеснай вытворчасці. Ад новага альянсу выйграюць абодва бакі. МАЗ атрымае доступ да новых тэхналогій і інвестыцый, Zoomlion — да беларускіх распрацовак і разгалінаванай збытавой сеткі ў краінах СНД і Усходняй Еўропы.

belapan.by