МАЗ распрацаваў аўтобус 3-га пакалення, арыентаваны на пастаўкі ў ЕЗ



Мінскі аўтазавод распрацаваў мадэль аўтобуса трэцяга пакалення „МАЗ 303”, арыентаваную на пастаўкі ў краіны Еўразвяза. Прэзентацыя адбылася ў Менску 9 жніўня, калі прадпрыемства адзначае 75-годдзе.

Як заўважыў у інтэрв’ю БелаПАН начальнік аддзела экспарту пасажырскай тэхнікі ў краіны далёкага замежжа і ЕЗ ААТ „МАЗ” Аляксандр Радзілавец, „гэта найбольш перспектыўная мадэль, якая адпавядае ўсім патрабаванням рынку краін Еўрасаюза”. „Многія ўкаранёныя ў мадэль новаўвядзенні дазваляюць удзельнічаць практычна ў любым тэндары, з самымі высокімі патрабаваннямі. Мы ўскладаем вялікія надзеі на павелічэнне продажу ў Еўразвяз з „МАЗ 303”, — сказаў ён.

Паводле слоў Радзілаўца, мазаўскія аўтобусы цяпер у асноўным пастаўляюць у Польшчу, Румынію і краіны Балтыі. Ён нагадаў, што ў Польшчы створанае даччынае прадпрыемства, якое займаецца зборкай грузавой і пасажырскай тэхнікі.

„Сёлета на рынку з’явіліся новыя патрабаванні (легказдымныя панэлі, не менш за 15 месцаў на нізкай падлозе і шмат іншых), але старая канструкцыя аўтобуса не дазваляла нам выйграваць у многіх тэндарах. Таму мы сёлета мала паставілі аўтобусаў у ЕЗ — 11 штук у Польшчу. У цэлым у нас ёсць планы па пашырэнні паставак у ЕЗ на канец гэтага і пачатак наступнага года. Сярод найбольш перспектыўных рынкаў таксама Сербія, бо там нулявая мытная пошліна, гэта дазваляе нам паспяхова туды пастаўляць тэхніку”, — растлумачыў Радзілавец.

На пытанне аб пастаўках у краіны далёкага замежжа начальнік аддзела адказаў: „Тут пэўныя складанасці, таму што мы робім тэхніку еўрапейскага ўзроўню (аўтобусы з нізкай падлогай і рухавіком высокага класа). На рынках далёкай дугі карыстаюцца папулярнасцю мадэлі больш нізкага класа, а ў нас наогул у партфелі няма мадэляў класа Еўра-2. Таму ёсць надзея, што ў гэтыя краіны пойдуць аўтобусы з рухавікамі Weichai і мы можам скласці з імі канкурэнцыю індыйскім і кітайскім аўтобусам”.

Як паведаміў журналістам вядучы распрацоўшчык аўтобуса „МАЗ 303” Іван Вайцяшонак, у гэтай мадэлі абсалютна ўсе сістэмы новыя — кузаў, планіроўка салона, агрэгаты. Каркас з каразійнаўстойлівай сталі на патрабаванне спажыўцоў у ЕЗ, здымныя панэлі абліцоўвання з алюмінію і кампазітных матэрыялаў. Габарыты для горада аптымальныя: даўжыня — 12,43 м, шырыня — 2,55 м, вышыня — 3,1 м. У салоне з камфортам месціцца да 110 пасажыраў у залежнасці ад камплектацыі, з іх 26 — на сядзеннях, прычым магчымая кампаноўка нават з 16 сядзеннямі на нізкай падлозе. „МАЗ 303” абсталяваны турбадызельным рухавіком класа Еўра-6 Daimler (299 к.с.). У пары ідзе 6-ступенчатая каробка-аўтамат нямецкага канцэрна ZF.

Паводле слоў Вайцяшонка, аўтобус атрымаў незалежную пярэднюю падвеску „з куды большым ходам” і падоўжаную колавую базу. Тармазная сістэма — пнеўматычная, а пры ўздыме на горку спрацоўвае сістэма дапамогі кіроўцу. „Інжынеры добра папрацавалі над кампаноўкай сілавой устаноўкі, скараціўшы памеры маторнай шахты і пазбегнуўшы элементаў на даху. Заадно знізілі ўзровень шуму і вібрацый падчас руху”, — дадаў канструктар.

Ён падкрэсліў, што салон аўтобуса выкананы паводле еўрапейскіх стандартаў. Акрамя іншых новаўвядзенняў, вышыня падножкі — усяго 32 см, для людзей на калясках усталяваная высоўная платформа з электрапрывадам.

„Па кошце прырост невялікі ў параўнанні з мадэлямі другога пакалення, усё залежыць ад опцый. Што да серыйнага выпуску — яшчэ год зоймуць асваенне і выпрабаванні”, — адзначыў вядучы распрацоўшчык аўтобуса.

belapan.by