МАЗ выйграў тэндар на пастаўку аўтобусаў у Кіеў



Менскі аўтамабільны завод выйграў тэндар на пастаўку ў Кіеў 100 аўтобусаў, гаворыцца ў паведамленні пасольства Беларусі ва Украіне.

Паводле інфармацыі дыппрадстаўніцтва, 9 чэрвеня адбыўся абвешчаны КП „Кіеўпастранс” аўкцыён на закупку аўтобусаў. Яго пераможцам аб’яўлена кампанія ТАА „МАЗтранссервіс” — афіцыйны дылер ААТ „МАЗ” па пасажырскай тэхніцы. Менскі аўтазавод паставіць ва ўкраінскую сталіцу 70 аўтобусаў „МАЗ-203” і 30 аўтобусаў „МАЗ-215”. Сума кантракта складзе 20 млн даляраў.

„МАЗ-203” — нізкападлогавы гарадскі аўтобус другога пакалення. Дробнасерыйная вытворчасць аўтобуса пачалася ў другім квартале 2006 года; першая буйная партыя з 50 аўтобусаў была выраблена па заказе Казані (Татарстан, РФ) у першай палове 2007 года. Затым пастаўкі новай машыны пачаліся ў іншыя гарады Расеі (Калінінград, Цюмень, Тамбоў, Санкт-Пецярбург і Екацярынбург). Таксама былі пастаўкі ў Германію, Польшчу і ва Украіну.

„МАЗ-215” — аўтобус асабліва вялікай умяшчальнасці, прызначаны для перавозкі пасажыраў на гарадскіх маршрутах, быў выпушчаны да чэмпіянату свету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе і разлічаны на 176 пасажыраў.

Паводле БелаПАН

Фота abw.by