МАЗ запусціў праграму ўтылізацыі старых аўтамабіляў



Менскі аўтамабільны завод запусціў праграму ўтылізацыі старых аўтамабіляў, паведаміла прэс-служба прадпрыемства.

За спісанне ўжыванай машыны будзе дадзеная зніжка ў 10 тыс. рублёў на куплю новага грузавіка „МАЗ” з маторам Weichai Power класа Еўра-5. „Праграма закліканая паскорыць абнаўленне аўтапарка ў Беларусі і палепшыць экалагічнае становішча ў краіне”, — адзначыла прэс-служба.

Праграма будзе дзейнічаць па ўсёй Беларусі. Атрымаць зніжку могуць уладальнікі старых аўтамабіляў поўнай масай не менш за тры тоны, зняўшы іх з уліку для ўтылізацыі. Прычым гэта тычыцца аўтатэхнікі любога года выпуску і вытворцы. Каб пацвердзіць спісанне аўтамабіля, трэба падаць копію ўліковай карткі ДАІ з адзнакай аб зняцці транспартнага сродку для ўтылізацыі. Пры гэтым аўтамабіль можна пакінуць сабе — разабраць на запчасткі ці здаць на металалом.

„Прапанова павінна зацікавіць юрыдычных асоб — у першую чаргу ўладальнікаў аўтапаркаў”, — лічаць на прадпрыемстве.

Як адзначылі на заводзе, колькасць аўтатэхнікі, якая будзе спісаная на ўтылізацыю па праграме, абмежаваная. Калі попыт на грузавікі з агрэгатамі Weichai Power перавысіць запланаваны аўтавытворцам аб’ём, праграму могуць завяршыць раней за тэрмін.

Прэс-служба паведаміла, што Мінскі аўтазавод павялічвае выпуск грузавікоў з рухавікамі Weichai Power, якія добра сябе зарэкамендавалі ў розных краінах. Пры гэтым станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў „МАЗ” у Расеі, ва Украіне і ў Беларусі атрымалі права забяспечваць гарантыйнае і паслягарантыйнае абслугоўванне рухавікоў Weichai.

Менскі аўтазавод сумесна з Weichai будуюць у індустрыяльным парку „Вялікі камень” маторны завод, які будзе выпускаць дызельныя рухавікі для грузавікоў, аўтобусаў і спецмашын. Праектная магутнасць — да 20 тыс. матораў на год. Уладальнікам завода выступае ТАА „МАЗ-Вейчай”, створанае МАЗам (30% статутнага капіталу) і Weichai (70%). Сумеснае прадпрыемства будзе працаваць як рэзідэнт, карыстаючыся ільготамі і прэферэнцыямі, прадугледжанымі ўказам прэзідэнта № 166 ад 12 мая 2017 года. Прыблізна траціну прадукцыі плануецца пастаўляць у іншыя краіны.

belta.by