Мазырскі НПЗ пачаў мадэрнізацыю коштам у мільярд



Будаўніцтва ўстаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў знаходзіцца ў актыўнай стадыі, распавёў у эфіры „Беларусь 1” генеральны дырэктар Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Віталь Паўлаў.

На НПЗ у Мазыры прыбыў буйнагабарытны груз, прычым кожны аўтацягнік важыў каля 150 тон. Дыяметр агрэгатаў  — практычна сем метраў. Караван з фур пераадолеў дзесяцідзённы пераезд праз пяць беларускіх абласцей.

Па сукупнасці параметраў гэтую перавозку можна назваць рэкорднай для ўсёй краіны, адзначылі ў эфіры Беларускага тэлебачання. Бо пры распрацоўцы маршруту былі ўлічаны такія параметры, як дарожнае пакрыццё, вышыня ліній электраперадачы і розныя перашкоды, напрыклад у выглядзе мастоў.

„Цяпер мы будуем чарговы тэхналагічны комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. Будаўніцтва знаходзіцца ў актыўнай стадыі. Апараты, якія вы ўбачылі,  гэта буйнагабарытныя агрэгаты, пастаўленыя для далейшага мантажу на ўстаноўку гідракрэкінгу”, – растлумачыў генеральны дырэктар ААТ „Мазырскі НПЗ”.

У цяперашні час на НПЗ паставілі ўжо 14 з неабходных 16 ёмістасцяў для гідракрэкінгу. Будаўніцтва ўсяго комплексу ўстаноўкі з абсталяваннем ад італьянскага пастаўшчыка абыйдзецца ў адзін мільярд даляраў, адзначылі ў тэлесюжэце.

„Гэты інвестыцыйны праект называюць самым дарагім у гісторыі прадпрыемства. Працы на ўчастку пачаліся ў 2014-м. галоўная мэта — павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты і нарасціць аб’ёмы выпуску”, – рэзюмавалі ў эфіры „Беларусь 1”.

zviazda.by