Менгарвыканкам прапануе прадпрымальнікам памяшканні бязвыплатна



Менскі гарадскі выканаўчы камітэт пачаў прапаноўваць прадпрымальнікам памяшканні, якія пустуюць, на ўмовах бязвыплатнага карыстання, паведаміла 24 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Менскага гарадскога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці („Менскгармаёмасць”) Галіна Сцепурэнка.

Спецыяліст падкрэсліла, што рашэнне прынята ў 2017 годзе „на ўзроўні лакальнага нарматыўнага акта”. Акрамя таго, добрасумленным карыстальнікам пасля заканчэння тэрміну дагавора прапануюць у першую чаргу заключыць арэндныя дагаворы без правядзення аўкцыёну.

Паводле слоў Сцепурэнкі, у сталіцы на гэты момант пад стварэнне працоўных месцаў прапаноўваецца ў бязвыплатнае карыстанне 77 ізаляваных памяшканняў. Як правіла, яны размяшчаюцца на першых паверхах або ў падвалах жылых дамоў і патрабуюць капіталаўкладанняў. Прадпрымальнікі могуць адкрыць там офісы, інтэрнэт-крамы, склады, швейныя вытворчасці, творчыя майстэрні, аб’екты грамадскага харчавання, выставачныя залы, праектныя бюро, а таксама аказваць страхавыя, адукацыйныя, турыстычныя, фізкультурна-аздараўленчыя і іншыя паслугі. Рашэнне аб перадачы пляцоўкі ў бязвыплатнае карыстанне прымаецца па выніках ацэнкі прадстаўленага бізнес-праекта, падкрэсліла кіраўнік фонду. Пакуль такой магчымасцю скарыстаўся толькі адзін суб’ект гаспадарання.

„Многія прадпрымальнікі, на жаль, не вераць, што мы прапаноўваем памяшканні бязвыплатна, думаюць, што гэта нейкая „замануха”. Але гэта не так”, — адзначыла Сцепурэнка.

Паводле слоў спецыяліста, у Менску рэалізуецца гнуткая палітыка ўсталявання ставак арэнды нерухомасці, якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці. „У 2016 годзе такую падтрымку ў выглядзе зніжэння ставак атрымалі 184 прадстаўнікі бізнесу на 1,2 млн рублёў, у 2017 годзе — 348 на 2,6 млн”, — удакладніла Сцепурэнка.

belapan.by