Менск згодны прадаваць „Беларусы” Украіне ў крэдыт
Менскі трактарны завод згодны прадаваць сваю тэхніку ва Украіне ў крэдыт. У якасці аплаты беларускі бок згодны прымаць нават грыўню. Пра гэта было заяўлена на міжрэгіянальнай выставе-прэзентацыі “АграПром”, якая завершылася ў Палтаве.
На такі крок менскія трактарабудаўнікі пайшлі відавочна не ад добрага жыцця. Яшчэ нядаўна беларуская сельскагаспадарчая тэхніка займала трывалую нішу на ўкраінскім рынку. Але эканамічны крызіс ва Украіне і высокая канкурэнцыя з боку азіяцкіх вытворцаў пасунуў Менскі трактарны завод на другія ролі. Датаго ж, ва Украіне значна пабольшала ўжыванай агратэхнікі еўрапейскіх брэндаў, якая хаця і даражэйшая ў абслугоўванні, але больш надзейная за беларускую.
Беларускі ўрад вырашыў уратаваць сітуацыю пры дапамозе “Укргазбанка”. Цяпер украінскаму аграрыю дастаткова сплаціць толькі 20% ад кошта таго ж трактара, а рэшту павярнуць цягам пяці гадоў з дастаткова лаяльным адсоткам.
Не выключаецца, аднак, што такое крэдытаванне стане стратным для беларускага боку, бо грыўня, якая закладзеная ў якасці аплаты, імкліва абясцэньваецца з прычыны інфляцыі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя