Менскі аўтазавод паставіў у Кіеў 50 аўтобусаў



Менскі аўтамабільны завод паставіў у Кіеў (Украіна) 50 аўтобусаў, 48 з якіх — аўтобусы мадэлі МАЗ 203, прызначаныя для перавозкі пасажыраў на гарадскіх маршрутах, і два гарадскія аўтобусы асабліва вялікай умяшчальнасці — 215 МАЗ.

Як паведамляе прэс-служба МАЗа, аўтобусы адпавядаюць усім сучасным міжнародным стандартам і нормам. Закупка праводзілася па выніках тэндару. Уся партыя аўтобусаў была пастаўлена заказчыку ў студзені 2017 года.

2 лютага на базе прадпрыемства „Кіеўпасажыртранс” адбылася афіцыйная перадача новых аўтобусаў гораду, падчас якой мэр горада Віталь Клічко адзначыў: „Гэтыя аўтобусы маюць нізкую падлогу, прыстасаваныя для людзей з асаблівымі патрэбамі, уладкаваныя кандыцыянерамі, экалагічны стан адпавядае стандарту Еўра-5”.

Аўтобусы абсталяваныя гукавымі зумерамі адкрыцця і закрыцця дзвярэй, светлавым сігналам адкрыцця-закрыцця дзвярэй, знешнімі гучнагаварыцелямі. Пастаўленая пасажырская тэхніка таксама абсталявана сістэмай ўзняцця ўзроўню кузава пры руху на пераездах праз чыгуначныя і трамвайныя каляіны.

Закупка новых аўтобусаў дазволіць адкрыць у Кіеве новыя маршруты, адзначылі ў прэс-службе.

belapan.by