Мэтавая купля валюты ў 2018 годзе можа быць адменена



Сітуацыя на грашовым рынку і палітыка Нацбанка спрыяюць змякчэнню валютнага кантролю ў краіне. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы планы дзяржавы ў гэтым кірунку.

На гэтым тыдні стала вядома, што ў 2018 годзе Нацыянальны банк плануе адмяніць мэтавую куплю валюты на ўнутраным рынку. Як паведамілі БелаПАН у Нацбанку, мэтавая купля замежнай валюты дзейнічае ў краіне з 1991 года і заключаецца ў тым, што прадпрыемствы могуць купляць яе толькі на пэўныя мэты, устаноўленыя заканадаўча.

На думку экспертаў, улады плануюць адмяніць мэтавую куплю валюты ў 2018 годзе, паколькі яе наяўнасць супярэчыць прынцыпам Еўразійскага эканамічнага саюза (у Расеі і Казахстане мэтавая купля адсутнічае, прадпрыемствы самастойна вызначаюць мэты яе набыцця).

Акрамя гэтага, лічаць беларускія аналітыкі, дзяржава цяпер выказвае гатоўнасць адмовіцца ад мэтавай куплі, паколькі для такіх захадаў сфарміраваліся адпаведныя перадумовы, якіх раней не было.

„Калі на працягу дзесяцігоддзяў курс долара ў Беларусі ці адміністрацыйна стрымліваўся, ці ўвесь час рос, нельга было адмяняць мэтавую куплю валюты — высокія дэвальвацыйныя чаканні прывялі б да таго, што прадпрыемствы, атрымаўшы свабоду дзеянняў, сталі б масава яе скупляць і гэта магло б справакаваць спусташэнне золатавалютных рэзерваў краіны”, — лічыць старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

Ён звярнуў увагу, што пасля пераходу Нацбанка ў 2015 годзе на рыначны рэжым курсаўтварэння абменны курс долара стаў не толькі расці, але і зніжацца і новыя рэаліі прывялі да зніжэння дэвальвацыйных чаканняў. Таму, мяркуюць аналітыкі фінансавага рынку, рызыкі таго, што з-за адмены мэтавай куплі вырасце попыт на замежную валюту, памяншаюцца.

„Абменны курс беларускага рубля прадпрыемствы цяпер успрымаюць як значна больш рыначны, чым у папярэднія гады. Акрамя гэтага, запаволілася да адназначных значэнняў інфляцыя. Як следства, замежная валюта перастае валодаць высокай каштоўнасцю для прадпрыемстваў”, — адзначыў старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.

Таму, лічыць ён, верагоднасць адмены мэтавай куплі замежнай валюты ў 2018 годзе вялікая. Акрамя таго, мяркуе Палхоўскі, хутчэй за ўсё, Нацбанк будзе працягваць адмяняць і нарматыў абавязковага продажу экспарцёрамі.

„Калі бягучыя пазітыўныя тэндэнцыі на грашовым рынку працягнуцца, прадпрыемствы не трэба будзе адміністрацыйна прымушаць прадаваць валюту, яны гэта будуць рабіць па сваёй волі”, — рэзюмаваў Палхоўскі.

belapan.by