Міхаіл Чыгір: Ці вераць яны самі ў свае казкі?



Прэм’ер-міністр Андрэй Кабакоў распавёў, як падняць сярэдні заробак да 500 даляра. Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір раскрытыкаваў гэтыя планы.

Са слоў Кабякова, дасягнуць сярэдняга заробку ў 500 даляраў магчыма праз стварэнне новых працоўных месцаў, новых прадпрыемстваў, развіцця прадпрымальніцтва і ініцыятывы, росту экспарту і скарачэння затрат.

У бюджэтнай сферы рост заробку будзе дасягацца за кошт мерапрыемстваў па аптымізацыі і росту пазабюджэтных даходаў.

Міхаіл Чыгір: Улады вельмі добра распавядаюць пра тэорыю, але не кажуць як на практыцы збіраюцца гэтага дасягнуць. Здаецца, Кабякоў і правільныя словы кажа, але ці ведае ён сам, як гэта на практыцы будзе? Таму, на мой погляд, ніякіх 500 даляраў у гэтым годзе не будзе. І наогул не разумею, навошта ставіць такія фантастычныя задачы. Некалі ж і сярэдні заробак у 1000 даляраў абяцалі і дзе гэты заробак? Ці вераць яны самі ў свае казкі?

РР: Але ж задача пастаўлена на самым высокім узроўні, а значыцца яе кінуцца выконваць. Галоўнае пытанне: якім чынам гэта зробяць?

Міхаіл Чыгір: Калі ўжо вырашылі дасягнуць росту ў заробках, то неабходны дакладны план дзеянняў. Вось Кабякоў кажа пра стварэнне новых працоўных месцаў, а зараз жа наадварот беспрацоўе павялічваецца. На прадпрыемствах людзей скарачаюць. І, калі ўжо вырашылі падняць заробкі, то найперш скарачайце бюджэтныя выдаткі, аптымізуйце бюджэтныя структуры. Але ў гэтым накірунку, колькі не скарачаюць, але атрымліваецца, што проста перасоўваюць фігуры з месца на месца. А паглядзіце, што ўтварылі з гэтым Дэкрэтам аб “дармаедах”. Такія сілы падаткавікоў кінулі, што ім ужо нармальна і працаваць няма часу. І гэтыя падаткі не акупяць тую працу, што патрацілі на збор гэтых сродкаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларйскае Радыё Рацыя