MILEX-2021 пройдзе ў Менску 23-26 чэрвеня



Міжнародная выстава ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2021 пройдзе ў Менску 23—26 чэрвеня.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, на выставе будуць прадстаўленыя сучасныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, распрацаваныя канструктарамі Беларусі, Расеі, краін АДКБ, а таксама блізкага і далёкага замежжа.

Міжнародны зброевы салон пройдзе ў дзясяты раз. Як адзначыў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрый Пантус, выстава стане першым буйным міжнародным мерапрыемствам у краіне пасля ўвядзення абмежаванняў, выкліканых пандэміяй каранавіруснай інфекцыі.

„Выставу MILEX заўсёды адрознівалі высокі ўзровень арганізацыі, паспяховасць і цікавасць да яе з боку замежных краін-партнёраў, — цытуе чыноўніка афіцыйны сайт выставы. — Гэты найбуйнейшы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне спецыялізаваны зброевы салон з’яўляецца дэманстрацыяй інтэлектуальнай моцы і вялікага патэнцыялу ваенна-прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь і аб’ядноўвае прадстаўнікоў вядучых распрацоўшчыкаў і вытворцаў прадукцыі ваеннага прызначэння краіны, іх партнёраў і гасцей з-за мяжы”.

Пантус нагадаў, што „выставу традыцыйна наведваюць высокія ўрадавыя дэлегацыі, кіраўнікі ваенных і абаронна-прамысловых ведамстваў краін — экспарцёраў і імпарцёраў беларускай вайсковай тэхнікі і ўзбраення, прадстаўнікі экспертнай і дзелавой супольнасці”.

„На самай буйной у краіне выставачнай пляцоўцы „Менск-Арэна” дэманструецца шырокі спектр экспанатаў, у тым ліку беларускія інавацыйныя распрацоўкі, якія сёння здольныя скласці здаровую канкурэнцыю замежным аналагам па шэрагу кірункаў развіцця сістэм узбраення, — лічыць кіраўнік Дзяржкамваенпрама. — Дзякуючы сваёй высокай якасці, надзейнасці і тэхнічным характарыстыкам многія з узораў узбраенняў і ваеннай тэхнікі, якія будуць паказвацца тут, карыстаюцца вялікім попытам на сусветным рынку, спрыяюць павышэнню экспартных магчымасцяў беларускай „абаронкі”.

Паводле яго слоў, „сёння ваенна-прамысловы комплекс Беларусі з’яўляецца важным высокатэхналагічным сектарам айчыннай эканомікі, які шмат у чым вызначае імідж краіны на міжнароднай арэне”.

Кіраўнік ведамства выказаў упэўненасць, што „міжнародны характар мінскага зброевага салона створыць для яго ўдзельнікаў і спецыялістаў унікальныя магчымасці для вывучэння рынку ўзбраенняў і далейшага развіцця міжнароднага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, прасоўвання сучасных тэхналогій і паслуг”.

Ён таксама заявіў, што мерапрыемства дазволіць „адкрыць новыя магчымасці для экспертных зносін прадстаўнікоў улады, прамысловасці, навукі і заказчыкаў у асобе спецыяльных (сілавых ведамстваў) і грамадзянскіх спажыўцоў у сферы бяспекі, абмеркавання перспектыўных праектаў прамысловай кааперацыі, абмену перадавым вопытам і старту сумесных ініцыятыў і праектаў заўтрашняга дня, падмацаваўшы іх падпісанымі кантрактамі”.

belapan.by