Мільён тон няякаснай нафты застаецца на тэрыторыі Беларусі



Пра гэта заявіў старшыня канцэрну „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў падчас рэспубліканскага збору кіруючага складу Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны, які прайшоў у Барысаўскім раёне. 

Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод да гэтага часу не забяспечаны ў поўным аб’ёме якаснай нафтай. Ён працуе на зніжанай загрузцы. Завод у Мазыры ўжо атрымаў і перапрацоўвае свежую, адпавядаючую стандартам сыравіну. Чакаем, што поўная ачыстка заводу ад няякаснай нафты па ўсіх тэхналагічных пераходах скончыцца да 12 траўня. Ён працуе па сваёй штатнай магутнасці. 

Аб’ём забруджанай нафты, аднак, на тэрыторыі Беларусі застаецца істотным. Гэта каля мільёна тон. Нам удалося на першым этапе выціснуць дрэнную сыравіну з веткі, якая ажыццяўляе падачу ў Мазыр і ва Украіну. Наперадзе яшчэ шмат працы, каб пазбавіцца ад яе цалкам. Адпаведна, будзе ацэнены ўрон як для суб’ектаў гаспадарання Беларусі так і для краіны ў цэлым. З расейскім бокам будзе абмяркоўвацца пытанне кампенсацыі гэтых страт. 

Нагадаем, што тэма пастаўкі няякаснай нафты па нафтаправодзе „Дружба” была ўзнята ў другой палове красавіка, з-за чаго спыняўся транзіт „чорнага золата” ў краіны Еўропы і было пашкоджана тэхналагічнае абсталяванне на Мазырскім НПЗ. У Расеі затрымалі некалькі службовых асоб, якім інкрымінуюць наўмысны зліў „бруднай” сыравіны ў „Дружбу”. 

zviazda.by