Мінэканомікі: Прагноз інфляцыі на 2018 год можа быць зніжаны да 6%



Афіцыйны прагноз на 2018 год, які закладвае ўрад, прадугледжвае рост цэн у Беларусі на 7%, але гэты паказчык можа быць скарэктаваны да 6%, заявіў 26 кастрычніка журналістам першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой.

„На 2018 год наш прагноз па інфляцыі — 7%. Пакуль гэты прагноз мы пакідаем”, — сказаў Крутой у кулуарах III Міжнароднага фінансава-банкаўскага форуму дзяржаў — удзельніц СНД „Менскія дзелавыя сустрэчы”.

У той жа час ва ўрадзе абмяркоўваюць магчымасць зніжэння прагнозу па інфляцыі на 2018 год да 6%. „Але занадта шмат фактараў на гэта ўплываюць — эканамічны рост ўсё-такі яшчэ мае аднаўленчы характар пасля двух гадоў рэцэсіі. Таму сумесна з Нацыянальным банкам мы пакуль не бачым значных рэзерваў па зніжэнні інфляцыі”, — растлумачыў Крутой.

Пры гэтым ён лічыць, што зніжэнне інфляцыі у 2018 годзе да ўзроўню 6-7% з’яўляецца пазітыўным сігналам — раней урад планаваў выйсці на гэтыя лічбы ў 2019 годзе.

„Інфляцыя на ўзроўні 7% — гэта дастаткова камфортныя лічбы і пазітыўны сігнал для суб’ектаў гаспадарання, якія пачалі распрацоўваць свае бізнес-планы развіцця на наступны год”, — адзначыў Крутой.

Інфляцыя ў гадавым вымярэнні паводле вынікаў верасня 2017 года знізілася да 4,9%, што з’яўляецца мінімальным значэннем за ўсю гісторыю Беларусі. У краінах Еўрасаюза, згодна з прагнозам МВФ, інфляцыя ў 2017 годзе складзе 1,5%.

„На найбліжэйшыя гады зніжэнне інфляцыі да 1,5-2% не варта прагназаваць. Каб інфляцыя ў Беларусі была як у Еўрасаюзе, трэба вырашыць шмат структурных пытанняў. У тым ліку неабходна стварыць адпаведнае канкурэнтнае асяроддзе, а гэта патрабуе перагляду рэгулявання існых натуральных манаполій, алігаполій”, — паведаміла крыніца ў органах дзяржкіравання.

Паколькі, дадаў ён, структурныя пытанні хутка вырашыць не ўдасца, інфляцыя ў Беларусі будзе захоўвацца прыкладна на існым узроўні.

„Для нашай краіны рэальныя лічбы па інфляцыі на найбліжэйшыя гады — 4-5%, а далей усё будзе залежаць, як будуць вырашацца структурныя пытанні ў эканоміцы”, — адзначыў суразмоўца.

Раней беларускія ўлады паставілі задачу знізіць інфляцыю да 5%. Гэтая мэта прысутнічае ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.

belapan.com