Мінэканомікі рыхтуе „радыкальную канцэпцыю” падтрымкі прадпрымальніцтва
Мінэканомікі рыхтуе новую „радыкальную канцэпцыю падтрымкі прадпрымальніцтва ў Беларусі”. Пра гэта 28 верасня заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч. Прэс-канферэнцыя была прысвечана правядзенню Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі 12—18 лістапада.
„У нас ёсць абсалютна больш радыкальная ідэя, чым проста стварэнне гарантыйнага фонду падтрымкі прадпрымальніцтва. Мы да 20 кастрычніка рыхтуем новую канцэпцыю падтрымкі прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, якая павінна паламаць усе стэрэатыпы, якія ёсць, цэнтралізаваць пэўныя фінансавыя рэсурсы. Можа быць, з’явяцца і нейкія структурныя змены”, — сказаў намеснік міністра.
Праца над канцэпцыяй ідзе з сярэдзіны лета, і Матусевіч не выключыў, што яна будзе прадстаўлена на Сусветным тыдні прадпрымальніцтва. „Мы паціху да яе падыходзілі, а цяпер рэзка паскорыліся. А гарантыйны фонд, магчыма, будзе адным з элементаў новай сістэмы падтрымкі. Без яго нельга, асабліва калі няма стартавага капіталу для рэалізацыі стартапов”, — адзначыў Матусевіч.
Ён растлумачыў, што цяпер існуе шмат інструментаў фінансавай падтрымкі МСП, у тым ліку Беларускі фонд падтрымкі прадпрымальніцтва, праграмы падтрымкі фермераў, інавацый, міжнародная тэхнічная дапамога і г.д. „Мы спрабуем усё гэта сістэматызаваць яшчэ раз і, магчыма, выдаць нейкі прадукт”, — сказаў намеснік кіраўніка ведамства.
Матусевіч таксама назваў станоўчыя змены, якія адбыліся за год пасля прыняцця пакета дакументаў па разняволенні прадпрымальніцкай ініцыятывы. У прыватнасці, назіраецца станоўчае сальда паміж прыростам колькасці рэгістрацыі юрыдычных асоб і ІП і іх ліквідацыі — 700 і 2.700 адпаведна. Расце колькасць самазанятых у эканоміцы без рэгістрацыі юрыдычныя асобы і ІП (з 16 тыс. да 26 тыс.), колькасць рамеснікаў — з 8 тыс. да 10,8 тыс.). У сувязі з дзеяннем указа № 345 аб развіцці гандлю і сферы быту на сяле створана 700 новых аб’ектаў.
Акрамя таго, у паведамляльным парадку зарэгістравалася 3.050 прадпрымальнікаў, у тым ліку ў сферы гандлю, вытворчасці мэблі, пашыву скургалантарэі, паслуг.
belapan.by
