Мінэканомікі Украіны выступіла супраць закупкі беларускіх аўтобусаў МАЗ
Мінэканомікі Украіны катэгарычна не падтрымлівае рашэнне аб закупцы Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыяй у лізінг 200 аўтобусаў вытворчасці беларускага завода МАЗ без абвяшчэння тэндару і без прыцягнення айчынных вытворцаў, гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага ведамства.
„Такі падыход з`яўляецца дыскрымінацыйным, супярэчыць нацыянальным інтарэсам і прынцыпам свабоднай празрыстай канкурэнцыі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні Мінэканомікі Украіны.
Улічваючы, што органы мясцовага самакіравання самастойна прымаюць рашэнне аб ажыццяўленні такіх закупак, Мінэканомікі ўжо прапрацоўвае пытанне ўрэгулявання на заканадаўчым узроўні немагчымасці паўтарэння такой сітуацыі.
„Да напрацоўкі магчымых механізмаў будуць прыцягнутыя профільныя асацыяцыі і ўдзельнікі рынку. Мінэканомікі цвёрда стаіць на пазіцыі, што ўсе закупкі павінны ажыццяўляцца выключна з захаваннем прынцыпаў адкрытасці і добрасумленнай канкурэнцыі сярод удзельнікаў”, — гаворыцца ў паведамленні Мінэканомікі.
Ва ўмовах пандэміі і эканамічнай нестабільнасці, адзначае міністэрства, „калі ўвесь свет прытрымліваецца прынцыпаў здаровага пратэкцыянізму, такія сітуацыі недапушчальныя”.
„Мінэканомікі будзе і ў далейшым адстойваць падтрымку нацыянальных вытворцаў і сумленнай канкурэнцыі, у тым ліку і ў сферы закупак транспарту”, — падкрэсліваецца ў заяве міністэрства.
Між тым на мінулым тыдні пасольства Беларусі ва Украіне паведамляла, што Менскі аўтамабільны завод перадаў камунальнаму прадпрыемству „Кіеўпастранс” 57 пасажырскіх аўтобусаў МАЗ.
„Усяго ў межах заключанага кантракта прадугледжваецца пастаўка для горада Кіева да канца 2020 года 200 аўтобусаў МАЗ вялікай умяшчальнасці”, — падкрэслівалася ў паведамленні пасольства. Папярэдняя буйная партыя пасажырскай тэхнікі МАЗ для Кіева была пастаўленая ў 2017 годзе.
Фота: abw.by
