Мінэнерга пацвердзіла прыпыненне вытворчасці электраэнергіі на БелАЭС



Міністэрства энергетыкі афіцыйна пацвердзіла часовае прыпыненне пастаўкі электрычнай энергіі з Беларускай АЭС у аб`яднаную энергасістэму краіны.

Прэс-служба дзяржоргана паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што гэта „прадугледжана праграмай этапу „Энергетычны пуск”.

„На гэтым этапе праграмы прадугледжаны рэжымы зніжэння магутнасці турбагенератара аж да нулявой — для правядзення выпрабаванняў і неабходных работ, уключаючы даводку і наладку абсталявання паводле вынікаў правядзення выпрабаванняў, што і адбываецца ў цяперашні час”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

У Мінэнерга запэўнілі, што ўсе тэхналагічныя сістэмы на энергаблоку працягваюць працаваць у штатным рэжыме.

9 лістапада ў беларускіх тэлеграм-каналах з`явілася паведамленне, што напярэдадні турбіна першага энергаблока БелАЭС была спыненая з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. У той жа дзень літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заявіў, што з поўдня 8 лістапада электраэнергія на Беларускай АЭС не выпрацоўваецца. Увечары 9 лістапада прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што падчас выпрабаванняў на першым блоку „выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.

10 лістапада кансультант дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў паведаміў БелаПАН, што сітуацыя на станцыі не ўяўляе небяспекі.

„Мы сочым за сітуацыяй на БелАЭС, — запэўніў ён. — У іх цяпер этап энергетычнага пуску, на які яны 23 кастрычніка атрымалі ліцэнзію МНС. Адпаведна, на гэтым этапе ў іх прадугледжваюцца работы і выпрабаванні. Учора падчас выпрабавання яны выявілі неабходнасць замены электратэхнічнага абсталявання, якое адносіцца да чацвёртага класа, гэта значыць яно не ўплывае на бяспеку. Нягледзячы на тое што яно не ўплывае на бяспеку, яны ў любым выпадку апавясцілі Дзяржатамнагляд, яны абавязаныя гэта рабіць”.

„Мы ў сваю чаргу пераканаліся ў тым, што бяспека першага энергаблока забяспечваецца належным чынам персаналам і сістэмамі бяспекі Беларускай АЭС, якія працуюць у штатным рэжыме. Яны зараз, паўтаруся, на этапе энергетычнага пуску. Паколькі гэты этап прадугледжвае ў тым ліку выпрабаванні, такія падзеі магчымыя. Мы, натуральна, працягваем наш нагляд на пляцоўцы, які вядзецца 24 гадзіны на суткі і сем дзён на тыдзень. Акрамя паведамлення нашы інспектары на месцы кантралююць падзеі”, — дадаў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расіі паводле расійскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру расійскай дзяржкарпарацыі „Расатам”.

3 лістапада першы блок АЭС уключылі ў энергасістэму краіны, ён пачаў выпрацоўваць электрычнасць. За першыя тры дні працы на блоку вырабілі 22 млн кілават-гадзін электраэнергіі. 7 лістапада магутнасць першага энергаблока была павышаная да 400 МВт.

Увесці першы энергаблок БелАЭС у прамысловую эксплуатацыю, пры якой ён будзе працаваць на 100% магутнасці, плануецца ў першым квартале 2021 года. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.

Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.

belapan.by

[manual_related_posts]