Мінфін: Бюджэт на 2019 год плануецца з прафіцытам, але яго даходы знізяцца



Міністэрства фінансаў Беларусі рыхтуе праект рэспубліканскага бюджэту на 2019 год з прафіцытам, разам з тым даходы бюджэту знізяцца на 1,7%, паведаміў 9 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

„Бюджэт захаваецца з прафіцытам, паколькі мы захоўваем бюджэтнае правіла, і частка даходаў, якія атрымліваюцца, найперш гэта даходы ад увазных мытных пошлін, будзе накіроўвацца мэтавым чынам на пагашэнне дзяржаўнага доўгу. Мы гэты механізм захоўваем, таму прафіцыт будзе”, — адзначыў Кійко.

Разам з тым у праекце бюджэту закладваецца, што яго даходы у 2019 годзе будуць мець адмоўныя тэмпы і складуць 98,3%, то бок знізяцца на 1,7%. „Гэта значыць прафіцыт мы захоўваем з улікам таго, што дастаткова жорстка падыходзім да планавання расходнай часткі”, — звярнуў увагу намеснік кіраўніка Мінфіна. Страты беларускага бюджэту у 2019 годзе, звязаныя з рэалізацыяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі, Мінфін ацэньвае ў 600 млн рублёў.

Як адзначыў Кійко, беларускае фінансавае ведамства вымушана пры фарміраванні бюджэту на наступны год улічыць выпадаючыя прыбыткі. „Гаворка ідзе пра суму каля 600 млн рублёў. Гэта страты ад паступлення пошлін на нафтапрадукты, якія мы залічваем у свой бюджэт, і закладзенае 25-працэнтнае зніжэнне ставак акцызаў на паліва. Нас гэта, вядома, не радуе”, — сказаў Кійко. Пры гэтым ён падкрэсліў, што скарачэнне выдаткаў бюджэту на наступны год „з’яўляецца вымушанай мерай, бо тэма пагашэння дзяржаўнага доўгу для краіны застаецца даволі сур’ёзнай”.

Як паведамлялася раней, па даных Мінфіна, Беларусь у 2019—2025 гадах плануе накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд долараў. Растучы дзярждоўг лёг цяжарам для рэспубліканскага бюджэту, заявіў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы 27 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў з дакладам аб выкананні бюджэту ў мінулым годзе.

„У пачатку года сума доўгу перавысіла 42 млрд рублёў, што больш чым у два разы больш за паступленніў рэспубліканскага бюджэту. Нягледзячы на тое што дзяржаўная запазычанасць на пачатак года склала 39% да ВУП і не перавысіла парогавага значэння (45% да ВУП), выдаткі па абслугоўванні дзярждоўгу пастаянна павялічваюцца, цяжарам кладуцца на рэспубліканскі бюджэт”, — заявіў Курлыпа.

belapan.by

Фота АЭИ „Прайм”

[manual_related_posts]