Мінфін: Далейшы рост дзярждоўга можа прывесці да дадатковых рызыкаў



Па выніках 2016 года дзяржаўны доўг Беларусі, у тым ліку знешні, з’яўляецца кіраваным і абслугоўваным, заявіў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч 14 чэрвеня на пашыраным пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах пры разглядзе законапраекта аб справаздачы па выкананні дзяржаўнага бюджэту ў мінулым годзе.

„Дзяржаўны доўг на пачатак года склаў 39,2 млрд рублёў, гэта 41,7% ВУП пры парогавым значэнні 50%. Такі ўзровень доўгу з’яўляецца кіраваным і абслугоўваным, але далейшы яго рост можа прывесці да дадатковых рызыкаў”, — сказаў Ермаловіч.

Прадстаўнік міністэрства падкрэсліў, што Мінфін і ўрад „прыкладаюць усе намаганні, каб абмежаваць рост дзяржаўнага доўгу і паменшыць пазыковую нагрузку на бюджэт”. Ермаловіч адзначыў, што ў 2016 годзе Беларусь своечасова і ў поўным аб’ёме ажыццявіла плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу, за год на яго абслугоўванне і выкананне абавязацельстваў накіравана больш за 7 млрд рублёў. З гэтай сумы 3,2 млрд — абслугоўванне знешняга доўгу.

„Акрамя прыцягнення сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця былі прыцягнуты сродкі на ўнутраным фінансавым рынку, каб разлічыцца па гэтых даўгах”, — сказаў Ермаловіч.

belapan.by