Мінфін: Дзярждоўг выступае вельмі вялікім цяжарам для краіны



Дзяржаўны доўг Беларусі з’яўляецца устойлівым, але пры гэтым ён выступае вельмі вялікім цяжарам для краіны, заявіў 1 лістапада першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у рамках дыскусіі ў галерэі партала Tut.by у Менску.

„Мы вызначылі для сябе параметры эканамічнай бяспекі, на якія і арыентуемся. Гаворка ідзе пра ўзровень дзяржаўнага доўгу да ВУП на ўзроўні 45%”, — сказаў Максім Ермаловіч у рамках дыскусіі, якая прысвечана Кастрычніцкаму эканамічнаму форуму (КЭФ), запланаванага на 2—3 лістапада.

Першы намеснік міністра фінансаў звярнуў увагу, што „да гэтага часу ўзровень дзярждоўгу для Беларусі быў пад’ёмны і спадзяюся, што ў найбліжэйшай перспектыве ніякіх пагроз дэфолту для краіны няма”.

Ён звярнуў увагу на тое, што знешні і ўнутраны дзярждоўг цяпер складае 40%, і выказаў меркаванне, што ў найбліжэйшыя гады гэты паказчык будзе знаходзіцца на ўзроўні 43%.

Пры гэтым ён адзначыў, што мае важнае значэнне не толькі велічыня, але і якасць дзяржаўнага доўгу, „гэта значыць узровень ставак запазычанняў і іх тэрміны”.

„Зыходзячы з усіх параметраў, можна сказаць, што дзярждоўг з’яўляецца устойлівым, але пры гэтым ён выступае вельмі вялікім цяжарам для краіны з пункту гледжання штогадовай нагрузкі па абслугоўванні і пагашэнні дзярждоўгу. Мы ацэньваем у сярэднетэрміновай перспектыве штогадовыя плацяжы на ўзроўні 3,5 млрд даляраў — гэта вялікая сума для эканомікі краіны”, — адзначыў Максім Ермаловіч.

Тым не менш, дадаў ён, нават у няпростыя для эканомікі гады (2015-2016-я). Беларусі ўдалося ў поўным аб’ёме пагашаць і абслугоўваць знешні і ўнутраны дзяржаўны доўг.

„У 2015—2016 гадах штогадовыя плацяжы па доўгу даходзілі да 4 млрд даляраў. У той сітуацыі без абмежавальных мер, без крокаў па абмежаванні ўнутранага попыту разлічыцца па даўгах было немагчыма. Аказалася, ва ўмовах знешняга ціску і на фоне ўнутраных праблем мы змаглі правесці бюджэтную кансалідацыю і разлічыцца па даўгах”, — заявіў Максім Ермаловіч.

Як паведамлялася, знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 кастрычніка склаў 16,3 млрд даляраў ЗША. З пачатку года ён павялічыўся на 2,7 млрд даляраў, або на 19%. Цяперашні памер знешняга дзярждоўгу з’яўляецца гістарычным максімумам для Беларусі.

Унутраны дзярждоўг на 1 кастрычніка склаў 9,4 млрд рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 0,8 млрд рублёў, або на 8%.

У цэлым дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 кастрычніка склаў 41,4 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 4,4 млрд рублёў, або на 12%.

belapan.com