Мінфін накіраваў Лукашэнку на разгляд праект бюджэту на 2019 год



Міністэрства фінансаў унесла праект бюджэту на 2019 год на разгляд кіраўніка дзяржавы, паведаміў 2 кастрычніка журналістам у парламенце міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

Паводле яго слоў, у парламент праект бюджэту можа паступіць у кастрычніку-лістападзе.

Раней паведамлялася, што 5 кастрычніка Палата прадстаўнікоў разгледзіць пытанне аб дачы згоды на прызначэнне Сяргея Румаса прэм’ер-міністрам. Пазней будзе разгледжана праграма дзейнасці абноўленага ўрада.

Пры яе абмеркаванні, заявіў сёння на адкрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў шостага склікання старшыня ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка, „трэба памятаць, што эканоміка — гэта сфера адказнасці і парламента”. „Дэпутаты актыўна працуюць з выбаршчыкамі, выразна ўяўляюць сабе ўвесь комплекс праблем на месцах і павінны максімальна ўважліва і прагматычна падысці да разгляду прапаноў урада”, — сказаў ён.

З гэтых жа пазіцый, лічыць Андрэйчанка, „трэба ацэньваць пакет бюджэтных дакументаў, падатковага заканадаўства”. „Асаблівы акцэнт трэба зрабіць на эфектыўнасці мэтавых праграм, пытаннях інавацыйнай палітыкі, стымуляванні занятасці і падтрымцы прадпрыемстваў”, — лічыць ён.

Урадам з удзелам дэпутацкага корпуса, дадаў Андрэйчанка, „праведзена сур’ёзная праца па карэкціроўцы Падатковага кодэкса, якая стварае добрую аснову для развіцця прадпрымальніцтва. Спрашчаюцца адміністраванне, парадак узаемадзеяння плацельшчыкаў з падатковымі органамі. Прадугледжваецца і шэраг крокаў па зніжэнні падатковай нагрузкі”.

belapan.by

[manual_related_posts]